Ля Кургана Дружбы сабраліся ветэраны Беларусі, Расіі і Латвіі

3 июля 2017

Напярэдадні Дня Незалежнасці па добрай традыцыі на стыку трох меж прайшла сустрэча як сімвал добрасуседства. Ля Кургана Дружбы ў памяць аб гераічным мінулым і братэрскім адзінстве народаў сабраліся ветэраны Беларусі, Расіі і Латвіі. Удзельнікі ўсклалі вянкі і жывыя кветкі. І традыцыі гэтай ужо больш як паўстагоддзя.

Расказвае Марына Раманоўская.

Мікалаю Сушкову дзевяноста два. Але нават нягледзячы на шаноўны ўзрост ветэран не прапускае сустрэчу ля Кургана Дружбы. Сёлета яна ўжо пяцьдзясят восьмая. На стыку трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Латвіі - як заўсёды, мора людзей. Усе хорам па традыцыі спяваюць "Кацюшу".

Сімвал франтавога братэрства, гераічнасці і любові да Радзімы. Курган Дружбы быў насыпаны з ініцыятывы партызанаў і падпольшчыкаў як памяць аб сумеснай барацьбе з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады ж і зарадзілася традыцыя кожны год сустракацца на стыку трох дзяржаў.

Плошча мемарыяльнага комплексу "Курган Дружбы " - каля дваццаці гектараў. Сам курган знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі, на расійскім баку размяшчаецца канцэртная пляцоўка, а на беларускім - музей. Характэрна, што адчыняе ён свае дзверы толькі пару разоў на год. І толькі ў асаблівыя даты.

У гонар герояў і падзей Вялікай Айчыннай вайны на кожнай з прымежных тэрыторый усталяваныя помнікі. Да іх усклалі вянкі і кветкі. А пазней людзі адправіліся на набажэнства.

Сотні прозвішчаў на вялізным пано. Так памяць пра сваіх дзядоў і прадзедаў увекавечылі школьнікі. У разнаколерных квадратах - гісторыі цэлых сем'яў. Каб яго стварыць, спатрэбілася некалькі гадоў.

Сустрэча ля Кургана Дружбы праходзіць пры любым надвор'і. І гэтым разам тут зарадзілася яшчэ адна традыцыя. Акрамя партызанскага вогнішча, загарэлася і моладзевае. Як сімвал сяброўства сярод усіх пакаленняў.