Цыкл дакументальных міні-фільмаў "Беларусь памятае" пакажуць у новым сезоне

1 октября 2018

"Беларусь памятае"... Гэта цыкл дакументальных міні-фільмаў, прысвечаных 75-годдзю з дня вызвалення беларускіх тэрыторый ад нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект унікальны і ў падачы матэрыялу, і па карцінцы. "Беларусь памятае" - гэта наша агульная гісторыя. Трагічная і гераічная. Здымачны працэс у самым разгары. Першыя серыі ў эфіры каналаў "Беларусь 1" і спадарожнікавага "Беларусь 24" ужо ў гэтым месяцы. Пра прэм'еру новага тэлесезона - як ідуць здымкі і ўсё, што адбываецца за кадрам, - раскажа Вольга Мядзведзь.

У бітве за Днепр Мікалай Абядняк рухаўся ў перадавым ланцугу і агнём з ручнога кулямёта прыкрываў дэсантныя падраздзяленні, якія наступалі. Найбуйнейшая бітва сусветнай гісторыі зараз у тэлефармаце, а ў галоўнай партыі нашчадак героя. Новы праект Агенцтва тэленавін пакажа, што Беларусь памятае подзвігі нашых продкаў.

У невялікіх дакументальных роліках гістарычная праўда. Пачатак здымкаў супаў з рэальнымі баявымі дзеяннямі з часавым прамежкам у 75 гадоў. 17-гадовы праўнук Героя Савецкага Саюза ў такім жа ўзросце, як і сам Мікалай Абядняк у верасні 1943-га, прайшоў няхай і тэлерэканструкцыю фарсіравання Дняпра.

Цыкл з пятнаццаці міні-фільмаў "Беларусь памятае" прысвечаны 75-годдзю з дня вызвалення нашых зямель ад нацысцкіх захопнікаў. Паводле сюжэта, адзін выпуск - баявая гісторыя аднаго чалавека праз успаміны і непасрэдны ўдзел яго сваякоў, бо большасці з тых адважных юнакоў ужо, на жаль, няма ў жывых.

Над стварэннем адной серыі працягласцю не больш чым дзве хвіліны каля паўсотні спецыялістаў з усіх падраздзяленняў Белтэлерадыёкампаніі працуюць 3-4 дні пры непрадказальных умовах надвор’я. Кожны кліп аб'ядноўвае ў сабе натурную і студыйную здымкі. Дэкарацыяй стане нават прыватная жылплошча герояў. Упершыню ў гісторыі галоўнага медыяхолдынга краіны ў рабоце над праектам задзейнічаны храмакей-павільён плошчай 130 квадратных метраў.

Вядома, пры мастацкім узнаўленні тых страшных гадоў не абыходзіцца без піратэхнікі. Выбухі снарадаў, языкі полымя, дымавыя заслоны не раптоўныя, як у ваенныя гады, а толькі з каманды рэжысёра і пад кантролем прафесіяналаў. Наперадзе самыя маштабныя здымкі. Напрыклад, каб зняць адзін з подзвігаў, у тэлепавільёне акажацца сапраўдны танк.