Цэлы дзень каля Вечнага агню на плошчы Перамогі будзе шматлюдна

9 мая 2017

З раніцы на плошчы Перамогі працуюць мае калегі - здымачная група Агенцтва тэленавін. Тут ля Вечнага агню менш як праз гадзіну пачнецца цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў рамках акцыі "Беларусь памятае!" З намі на сувязі зноў Ілона Красуцкая (прамое ўключэнне).

Проста бясконцым патокам зараз ідуць людзі да манумента на плошчы Перамогі. Нясуць кветкі, каб аддаць даніну памяці пераможцам. Вельмі шмат моладзі, шмат дзяцей. Тут ля Вечнага агню менш як праз гадзіну адбудзецца кульмінацыя ўрачыстасці - акцыя "Беларусь памятае!"

Ля манумента беларусы розных пакаленняў і прафесій з партрэтамі герояў, ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, сваіх блізкіх. Навочнае сведчанне: беларусы памятаюць і шануюць кожнага героя, іх подзвіг несмяротны.

І, безумоўна, тут галоўныя героі свята - нашы ветэраны. Убачыўшы на вуліцы, іх цалуюць выпадковыя мінакі, абдымаюць дзеці. Вайскоўцы бяруць пад казырок. І ўжо шэптам - дзякуй тым, хто не дажыў да Перамогі, каму ўжо нельга падарыць букет асабіста ў рукі - кветкі ля манумента. Свята падзякі і сакральная падзея для кожнага - Дзень Перамогі.

І гэта таксама традыцыя. Да Вечнага агню пад гукі ўрачыстага марша занясуць сімвал Сцяга Перамогі і штандары чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь ад гітлераўцаў. Пасля ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў. У ёй прыме ўдзел Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звернецца да беларусаў са святочным выступленнем і абвесціць хвіліну маўчання ў памяць аб паўшых героях. У абсалютнай цішыні раздадуцца ўдары метранома. У памяць пра кожнага трэцяга загінуўшага. Пра боль і страх жыхароў разбураных 200 гарадоў і 9 000 вёсак і сёлаў. Маўчанне даўжынёй у хвіліну за сотні дзён ратнага подзвігу, барацьбы за жыццё і за краіну. Пра вечную памяць і боль пакаленняў.

Цэлы дзень сёння тут, каля Вечнага агню на плошчы Перамогі, будзе шматлюдна. Любы ахвотнік можа прыйсці і прынесці свае кветкі як даніну памяці, сімвал павагі і гонару за той подзвіг, які наш народ здзейсніў больш як семдзесят гадоў таму. Увечар каля манумента пачнецца канцэрт тэлепраекта "Плошча Перамогі". Урачыстасць абяцае быць сапраўды маштабнай. Кульмінацыя - маляўнічае 3D-шоу. Завершацца ўрачыстасці грандыёзным салютам.

Прамую трансляцыю цырымоніі ля Вечнага агню ў Мінску будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і" Беларусь 24", пачатак у 11:55.