Транзітная авіяпрывабнасць Беларусі расце

4 ноября 2016

За мінулы год у паветранай прасторы нашай краіны пабывала больш за тысячу авіякампаній са ста дзяржаў свету. За гэты год 30 працэнтаў палётаў менавіта транзітных. Ужо ў лістападзе мы чакаем у Нацыянальным аэрапорце 3-мільённага пасажыра, таксама будуем другую ўзлётна-пасадачную паласу, мадэрнізуем тэрмінал. І лятаем больш чым па сарака міжнародных напрамках Еўропы, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў. Чарговы крок у мадэрнізацыі - новы цэнтр кіравання паветраным рухам. Ён будзе пабудаваны пад Мінскам у мікрараёне Сокал. Сёння на месцы ўзвядзення цэнтра напярэдадні Дня грамадзянскай авіяцыі заклалі памятную капсулу. У цырымоніі прыняў удзел і віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін, а таксама кіраўніцтва Дэпартамента па авіяцыі і Мінтранса. З будаўнічай пляцоўкі будучага аб'екта рэпартаж Святланы Лук’янюк.

Бязвоблачнае ранішняе неба на будпляцоўцы як бы дэманструе - у нас камфортна і надзейна лятаць.

Паветраную прастору Беларусі штодня ў сярэднім перасякаюць звыш 700 самалётаў за суткі. А гэта добрыя паступленні ў бюджэт, бо большасць палётаў ад замежных кампаній з Расіі і Еўрасаюза. Мы актыўна выкарыстоўваем свае транзітныя перавагі. Калі чвэрць стагоддзя таму ў нас былі толькі дзве паветраныя трасы, то сёння ўжо 56. Але і гэтая лічба хутка вырасце.

Самае галоўнае тут - гарантаванне бяспекі палётаў. Бо над аблокамі свае правілы руху, а кіруюць імі з зямлі. Такі цэнтр сёння працуе ў Нацыянальным аэрапорце. Але мы імкнемся да павышэння якасці абслугоўвання пры ўзрослай прапускной здольнасці і попыце на авіянавігацыйныя паслугі. І неўзабаве нашы авіядыспетчары памяняюць месца прапіскі.

Зручныя стыкоўкі і хуткае абслугоўванне. Цэнтр кіравання паветраным рухам плануюць узвесці пад Мінскам. Сёння на гэтай пляцоўцы дадзены афіцыйны старт будаўніцтву, якое плануюць завяршыць да мая 2018 года.

Мікрараён Сокал у 90-я гады быў пасёлкам, яго яшчэ называлі гарадком авіятараў і лётчыкаў. Адсюль да Нацыянальнага аэрапорта прамая дарога, многія жыхары Сокала так ці інакш звязаныя з авіяцыяй. Зараз будуць звязаныя яшчэ больш цесна. Сёння тут на месцы будучага аб'екта заклалі сімвалічную капсулу для нашчадкаў.

Кошт новага цэнтра - амаль 90 мільёнаў рублёў. Узводзіць будуць за кошт сродкаў Белаэранавігацыі, прыцягваючы і крэдыты. Пралічылі, што акупіцца праект гадоў праз восем. Прычым ільвіная доля грошай пойдзе не на будматэрыялы, а на сучаснае абсталяванне, якое і гарантуе высокі клас бяспекі палётаў.

Гэта макет будучага цэнтра кіравання паветраным рухам. А вось ён жа ў 3D. Пяціпавярховы будынак. Тут будзе і вежа для антэн аварыйнай радыёсувязі, і мясцовыя дыспетчарскія пункты, якія кіруюць палётамі да вышыні паўтары тысячы метраў. Словам, усё неба пад кантролем. А новы цэнтр - гэта і прэстыж краіны, і добрая магчымасць зарабіць.

За год у свеце авіятранспартам карыстаецца каля трох з паловай мільярдаў пасажыраў. Гавораць, што праз 15 гадоў гэтая лічба павялічыцца ўдвая. І, вядома, Беларусь зацікаўленая, каб усё больш транзітных патокаў з Захаду на Усход і ў зваротным напрамку праходзіла праз нашу паветраную гавань.