Традыцыйна па чацвяргах наша рубрыка Капітал

20 июня 2013

Расказвае Аляксей Кандраценка.


Да пачатку новага навучальнага года яшчэ далёка, але сталічны гандаль ўжо на ўсю моц рыхтуецца парадаваць бацькоў і дзяцей.


Ужо з 10 ліпеня ў мінскіх універмагах стартуе пашыраны продаж тавараў для школьнікаў. Заключаны дагаворы з пастаўшчыкамі і ўзгоднены асартымент адзення і абутку дзелавога стылю для дзяцей і падлеткаў. Касцюм для хлопчыка будзе каштаваць ад 500 тысяч рублёў, для дзяўчынкі - ад 700 тысяч.


А вось студэнты могуць гэтым летам нядрэнна зарабіць. Падаць заяўкі ў студатрады яшчэ не позна.


Самыя вялікія заробкі - у сталіцы. На будаўнічых аб'ектах ёсць магчымасць атрымаць 5 мільёнаў рублёў. А вось на продажы квасу і марожанага зарплата меншая - да 4 мільёнаў рублёў. На працы ў прыёмных камісіях шмат грошай не атрымаеш - усяго адзін мільён рублёў за месяц, затое тут сталічныя ВНУ прапануюць інтэрнат і харчаванне.


Купляеце запасныя часткі для аўтамабіля на сталічных рынках - патрабуйце ў прадаўца чэк.


Зараз, згодна з новымі правіламі, прадпрымальнікам, якія працуюць на мінскіх рынках і рэалізуюць аўтазапчасткі, неабходна выкарыстоўваць пры разліках з пакупнікамі касавыя апараты. У сталічнай падатковай інспекцыі заяўляюць, у гэтай сферы адбываецца нямала парушэнняў, таму касавае абсталяванне павінна упарадкаваць гандаль. Змяненні тычацца як продажу на рынках, так і дастаўкі тавараў на месца пакупнікам.


Турызм даступны кожнаму. У сталічных салонах пракату сапраўдны бум. Гараджане накіроўваюцца ў загарадныя паходы. Увесь інвентар больш выгадна не купляць, а арандаваць. Узяць напракат на адны суткі байдарку абыдзецца ў 200 тысяч рублёў, чатырохмесную палатку - 50 тысяч, мангал плюс шампуры - усяго 20. Пракат веласіпеда ў салонах каштуе да 100 тысяч рублёў за суткі. Дарэчы ў Нацыянальным парку Нарачанскі зараз папулярны пешаходны маршрут у заказнік Блакітныя азёры. Кошт пытання для аднаго турыста - 200 тысяч рублёў.


Упэўнены, інфармацыя з гэтага агляду была як мінімум цікавай для вас. Як звычайна рубрыка Капітал па чацвяргах - дакладныя лічбы і карысныя факты, нам будзе, што расказаць.