Зрабіць працу больш прадуктыўнай для кожнага чалавека індывідуальна

21 ноября 2015

Беларускія вынаходцы вырашылі пайсці далей за сацыялагічныя даследаванні. Іх апошняя распрацоўка - праграма, якая разлічвае наколькі чалавек сканцэнтраваны. Так, праз тыдзень нескладанага даследавання кожны зможа вызначыць для сябе самы прадуктыўны час, скласці індывідуальны распарадак дня і, магчыма, назаўжды пазбавіцца ад стомленасці. Новую распрацоўку праверыла на сабе Юлія Грызунт.

Адным з першых хай-тэк-абруч пратэставаў на сабе Павел Шчыпіцын. Навінамі IT-сферы цікавіцца з самага дзяцінства, а аб новай распрацоўцы даведаўся тады, калі яна была толькі ідэяй.

"Абруч" - або па-навуковаму электраэнцэфалограф - ужо натхніў праграмістаў з усяго свету. Абалонка заўсёды аднолькавая, а вось навучыць гаджат можна ўсяму. Гэты беларусы запраграмавалі на счытванне двух станаў мозгу - канцэнтрацыі і расслаблення. Зараз ён з дакладнасцю да хвіліны вылічае, калі трэба сесці за працу для максімальнай прадуктыўнасці, а калі таксама прадуктыўна адпачыць.

Выкарыстоўваць гаджат можна не толькі ў працы, але і ў вучобе, а яшчэ вымярэнні станаў мозгу дапамогуць трэніраваць увагу і нават памяць. Дарэчы, насіць абруч стала неабавязкова, дастаткова выкарыстоўваць яго падчас дэдлайнаў і ў моманты максімальнай засяроджанасці.

Прама зараз гэты абруч счытвае інфармацыю з майго мозгу. Яна адразу ж перадаецца на планшэт па бесправадной сувязі, дзе можна ўбачыць - наколькі я сканцэнтраваная. І, мяркуючы па паказчыках, мая праца ідзе прадуктыўна.

За пару секунд абруч зафіксаваў драбнюткія электрамагнітныя імпульсы мозгу. Праграма, якая прааналізавала і вывела на экран вынік, падыдзе для любога смартфона. Падобны гаджат яшчэ гадоў 10 таму выкарыстоўваў прафесар Ксаўер у фільме "Людзі Х" - праўда, сучасны аналаг абруча чытаць думкі пакуль не навучыўся - але, цалкам магчыма, дапаможа навукоўцам у вывучэнні падсвядомасці чалавека.