Тэлерадыёкампанія "Гродна" адзначае паўвекавы юбілей

20 декабря 2018

Вядучая рэгіянальная студыя - тэлерадыёкампанія "Гродна" - адзначае паўвекавы юбілей. Сёння гэта 16 гадзін уласнага тэлевізійнага вяшчання, папулярныя радыёэфіры і прысутнасць у інтэрнэт-прасторы. Сярод дасягненняў - перамогі ў нацыянальным конкурсе "Тэлевяршыня" і намінацыі ў міжнародных медыяпраектах. Чым жыве і якія планы ў юбіляра - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

У студыях і апаратных тэлерадыёкампаніі "Гродна" сёння прыкметнае ажыўленне. І справа тут зусім не ў юбілеі. Кампанія завяршае пераход на новы HD-фармат вяшчання. Зараз гледачы могуць глядзець перадачы ў высокай якасці. Папярэднічала гэтаму самая маштабная за апошнія гады мадэрнізацыя. Было закуплена найноўшае абсталяванне, поўнасцю памянялася студыйнае афармленне.

З творчым патэнцыялам на абласной студыі ніколі не было праблем. Першы эфір адбыўся яшчэ ў 1968 годзе. Актуальныя праграмы, папулярныя праекты. Мясцовыя журналісты рыхтавалі сюжэты на галоўную інфармацыйную праграму "Час". А гродзенскія дыктары паспяхова працавалі на Цэнтральным тэлебачанні Савецкага Саюза.

Шматгадовыя традыцыі падтрымліваюцца і сёння. У 2015 годзе быў дадзены старт уласнаму тэлеканалу "Беларусь 4. Гродна", які вяшчае 16 гадзін за суткі. Журналісты знаёмяць гледачоў з самымі актуальнымі падзеямі рэгіёна. Не менш паспяхова працуе і FМ-радыёстанцыя "Радыё Гродна", галасы якой таксама можна пачуць у Брэсцкай і Мінскай абласцях, а таксама ў суседніх Літве і Польшчы.

Захоўваючы вопыт мінулых гадоў, тэлевізіёншчыкі стаўку робяць на моладзь. Для таленавітых і крэатыўных людзей дзверы студыі заўсёды адчыненыя.

Будучыя кадры для тэлерадыёкампаніі “Гродна” рыхтуюць у тым ліку і тут - у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Студэнты кафедры журналістыкі праходзяць практыку на тэлебачанні, а выпускнікі ўжо актыўна працуюць над праектамі абласной студыі.

Уласны медыяцэнтр дазваляе ўніверсітэту рыхтаваць першакласных спецыялістаў ужо з першага курса. І супрацоўнікі абласнога тэлебачання актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. На базе ТРК дзейнічае свой філіял кафедры, дзе студэнтаў уключаюць у творчыя групы па стварэнні праграм.

Паўвекавы юбілей, прызнаюцца супрацоўнікі студыі, - падзея знакавая, але гэта толькі чарговы рубеж у гісторыі. Ужо сёння ў распрацоўцы новыя праграмы на наступны тэлевізійны сезон.

У найбліжэйшых планах таксама - актыўна асвойваць інтэрнэт-прастору. Уласны сайт, прысутнасць у сацыяльных сетках дазволяць значна пашырыць аўдыторыю і годна канкурыраваць у медыяпрасторы.