Студэнты БДУ сталі лепшымі ў найбуйнейшым інтэлектуальным турніры СНД

9 апреля 2014

Зараз яны па праве могуць называць сябе чэмпіёнамі-2014. Каманда студэнтаў вядучага ўніверсітэта краіны атрымала перамогу ў адным з самых прэстыжных міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў.


Аляксей Радзівонаў больш падрабязна. Інтэлектуальныя задачы самай высокай складанасці зноў аказаліся па плячы студэнтам Белдзяржуніверсітэта. Вызначыць самых эрудыраваных сёлета пастараліся ў Ніжнім Ноўгарадзе.


Першапачаткова на званне лепшых прэтэндавала 1500 каманд з краін СНД і Прыбалтыкі. Запаветную пуцёўку ў фінал змаглі атрымаць толькі 45 з іх. І ўжо які год сярод шчасліўчыкаў і Беларусь.


Алена Гардынец, студэнтка БДУ: Гэта адкрыты чэмпіянат для студэнцкіх каманд. Абавязковае правіла - каб усе гульцы каманд былі студэнтамі адной ВНУ. У Ніжні Ноўгарад акрамя, вялікай колькасці расійскіх ВНУ, прыехала некалькі беларускіх каманд.


Каманду-пераможніцу выбіралі па чатырох дысцыплінах. Першая - знаёмая ўсім нам гульня Што? Дзе? Калі?, далей так званы Хет-трык, калі кожнай камандзе задаецца адразу пяць пытанняў. Адказалі мінімум на тры - праходзяць у наступны раўнд. Ну і, нарэшце, Свая гульня і Мазгавы штурм. Тут ужо, згодна з правіламі конкурсу, галоўнае - веданне гісторыі. Дарэчы, адным з тых, хто ацэньваў веды маладых людзей, сёлета быў мэтр Міжнароднай асацыяцыі клубаў Што? Дзе? Калі? Аляксандр Друзь.


Павел Свярдлоў, кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў БДУ: Асноўнымі нашымі канкурэнтамі былі студэнты з МДУ і студэнты з Вышэйшай школы эканомікі. Гэта даволі паважаныя ў свеце ўніверсітэты. Трэба сказаць, што гэтыя спаборніцтвы студэнты БДУ ўжо двойчы выйгравалі.


Сапраўды, зборная БДУ ўжо станавілася пераможцам у 2010-м і 2012-м. Сёлета ж у кожнай з гульнявых дысцыплін зборная БДУ заваявала па медалі. У выніку сума набраных балаў і прынесла нашай камандзе жаданую перамогу.


Міхаіл Жураўкоў, першы прарэктар БДУ: Мы вітаем удзел нашых студэнтаў у розных мерапрыемствах: і студэнцкіх, і маладых навукоўцаў, звязаных з алімпіядамі, конкурсамі, віктарынамі. Гэта важна і для саміх студэнтаў - паглядзець сваё месца сярод лепшых універсітэтаў іншых краін.


Акрамя заслуг у такіх гульнях, сёння студэнты БДУ адны з лепшых у свеце і ў іншых сферах. Перамогі ў спаборніцтвах па праграміраванні, юрыдычных навуках і нават прамоўніцкім мастацтве - усё гэта дае поўнае права студэнтам Белдзяржуніверсітэта называць сябе лепшымі.