Сталічны рынак Поле цудаў закрываецца, але толькі на рэканструкцыю

29 ноября 2013

Надыходзячыя выхадныя - апошняя магчымасць пагуляць ля імправізаваных прылаўкаў. Да 10 студзеня ўсе гандляры з так званага блышынага рынку будуць працаваць на свабодных плошчах гандлёвага дома Ждановічы. Як і калі адновяць Поле цудаў, на месцы даведалася Наталля Кезік.



Ён нават у будны дзень не пакідае рабочае месца. На Полі цудаў Андрэй працуе амаль чатыры гады. На імправізаваны прылавак як правіла выстаўляе непатрэбныя дома інструменты і запчасткі. Бліжэй да выхадных асартымент папаўняе - самастойна шые вусцілкі і буркі. Як кажа, у выхадныя пакупнікі на Полі цудаў у чарзе стаяць.


Навіна пра тое, што рынак усё ж такі не закрываецца, стала прыемнай для гандляроў. Ужо ў гэты панядзелак Поле цудаў зачыняць часова - на рэканструкцыю. Гандлярам можна будзе заняць любое вольнае месца на тэрыторыі Ждановічаў.


Ніна Емяльянава, намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама: Гэтае рашэнне прынятае з мэтай навядзення парадку на тэрыторыі Поля цудаў. Усе гандляры могуць заняць свабодныя месцы, цана арэнды застанецца ранейшай.


Пасля рэканструкцыі правілы гандлю і патрабаванні да рабочых месцаў зменяцца.


У многіх краінах свету так званыя блышыныя рынкі - галоўная славутасць. Часцей за ўсё гандлёвыя плошчы размешчаныя ў цэнтры горада. А на прылаўках выключна ўжываны альбо антыкварны тавар.


На блышыным рынку новага тавару на прылаўках быць не павінна. Працаваць можна будзе не толькі ў выхадныя, але і ў будныя дні. Да 10 студзеня на пляцоўцы ўзвядуць гандлёвыя рады з дахам.


Ніна Емяльянава, намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама: Прынята рашэнне яго захаваць, каб у жыхароў Мінска была магчымасць гандляваць менавіта ўжыванымі антыкварнымі рэчамі, прызначэнне яго не памяняецца.


Зменіцца толькі фармат гандлю - месцы поўнасцю будуць адпавядаць санітарным нормам. Дарэчы, хутка са Ждановічаў пераедзе і пладова-агароднінны рынак. Зараз для яго рыхтуюць пляцоўку ў Хацежыне.