Сталічныя фантаны рыхтуюцца да закрыцця сезона

18 сентября 2015

Фінальны водны акорд усіх мінскіх штучных крыніц запланаваны на 25 верасня. А тым часам дэкаратыўная канструкцыя па вуліцы Грушаўскай які год запар застаецца проста архітэктурным аздабленнем, а не бурлівай крыніцай. Чаму? Высвятляла Юлія Токар.

Гэтаму фантану больш за паўстагоддзя. Некалі ён быў упрыгажэннем двара па вуліцы Грушаўскай, 11. Сёння ж разбураная дэкаратыўная крыніца наўрад ці дадае ўтульнасці. Святлана Уланцэвіч з цеплынёй узгадвае, як у дзяцінстве тут збіраліся сем’і, іграў аркестр, ладзіліся творчыя імпрэзы пад журчанне вады.

Напрыканцы 80-х фантан адключылі ад водазабеспячэння. І з цягам часу канструкцыя прыйшла ў заняпад. Апошнія пяць гадоў неабыякавыя людзі спрабавалі распачаць рэканструкцыю. Звярталіся ў шматлікія інстанцыі. Высветлілася, што фантан-старажыл не мае ні дакументаў, ні гаспадара.

Грошы на аднаўленне фантана пачалі збіраць самі жыхары. Добрую ініцыятыву падтрымаў і адзін з банкаў. Агульнай сумы на 72 мільёны хапіла, каб распачаць аднаўленчыя работы.

Зараз сцены фантана ўмацавалі металічнай сеткай, іх ужо зацэментавалі. Згодна з новым праектам, для бяспекі фантан стане менш глыбокі. Але ж пакуль напаўняць вадой рана, бо яшчэ не падведзеныя ўсе камунікацыі.

Але, як нам паведамілі ў ЖРЭА Маскоўскага раёна, падключыць ваду ўвогуле наўрад ці ўдасца. Працэдура гэтая нятанная і патрабуе шмат узгадненняў са многімі інстанцыямі.