Пытанні супрацоўніцтва абмеркавалі старшыня CК Беларусі з прадстаўнікамі ФБР і пасольства ЗША

29 августа 2017

Пытанні супрацоўніцтва ў крымінальна-прававой сферы абмеркавалі напярэдадні ў Мінску старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч з прадстаўнікамі Федэральнага бюро расследаванняў і пасольства ЗША. Сярод асноўных напрамкаў узаемадзеяння гаварылі аб барацьбе з кіберзлачыннасцю, гандлем людзьмі, парушэннямі правоў інтэлектуальнай уласнасці, наркатрафікам. Іван Наскевіч падзякаваў калегам з Амерыкі за дапамогу ў расследаванні крымінальных спраў.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Кіберзлачыннасць - самая важная зараз міжнародная праблема. Гэта тая катэгорыя злачынстваў, якія ў адзіночку расследаваць немагчыма. Злачыннасць у гэтай сферы не мае межаў, і толькі ўзаемны абмен інфармацыяй, цеснае супрацоўніцтва ў рамках расследавання гэтых крымінальных спраў даюць магчымасць выкрыць злачынцаў і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці".

Таксама старшыня Следчага камітэта адзначыў, што ў сучасным свеце злачыннасць усё часцей выходзіць за межы адной краіны і патрабуе адэкватных узгодненых мер у адказ.