Сход атрымаўся ўсенародным

23 июня 2016

Даведацца аб ключавых рашэннях форуму, а таксама выказаць свае прапановы беларусы маглі і пасродкам гарачых ліній. На працягу двух дзён спецыялісты прымалі сотні званкоў і зваротаў з розных куткоў краіны. Цэнтр сувязі знаходзіўся прама ў Палацы Рэспублікі. На што звярталі ўвагу беларусы, як адбываўся прыём званкоў і апрацоўка інфармацыі - вынікі падвялі на брыфінгу для прадстаўнікоў СМІ. Як гэта было - у рэпартажы Улады Карніцкай.

А ўвосень і ўзімку гэты кут, гаворыць Алена Дзям'янава, абсалютна чорны. Жывуць у гэтай шматпавярхоўцы людзі па суседстве з цвіллю ўжо некалькі гадоў. За два гады жанчына абышла ўсе інстанцыі: неаднаразова звярталася ў Мінгарвыканкам і нават пабывала на прыёме ў мэра. Адміністрацыя раёна правяла не адну экспертызу. У выніку праектна-каштарысная дакументацыя гатовая, грошы вылучаныя, а рамонт ужо год не пачынаецца.

З пытаннем, калі ўсё-такі пачнецца рамонт, Алена Дзям'янава патэлефанавала на гарачую лінію Пятага Усебеларускага народнага сходу. Тут - упэўненая - разбяруцца. Спецыяльны кол-цэнтр працаваў 2 дні. Шматканальныя лініі кожную гадзіну прымалі ў сярэднім паўсотні званкоў. Усяго ж работнікі кол-цэнтра на іншым канцы провада пачулі больш за паўтысячы галасоў. Яно і зразумела, па сутнасці, гэта рэальная магчымасць для кожнага беларуса паўплываць на будучыню сваёй краіны і, што самае галоўнае, агучыць свае ідэі вырашэння праблем і прапановы.

У топе зваротаў сёлета - пытанні камунальнай гаспадаркі. Гэтая тэма стала галоўнай у гутарцы з работнікамі кол-цэнтра для пятай часткі ўсіх тэлефануючых, амаль 20% агучвалі будаўнічае або жыллёвае пытанне, на трэцім месцы спісу - сацыяльнае забеспячэнне, яно хвалюе 10%. Пры гэтым, самым актыўным апынуўся Мінск - амаль 40% званкоў паступіла менавіта са сталіцы.

Аляксей Цвяткоў, кіраўнік групы гарачай лініі Пятага Усебеларускага народнага сходу: "Шмат вельмі індывідуальных званкоў, у прыватнасці, у дапамозе працаўладкавання, усталёўкі дзвярэй, рамонту агароджы. Учора было вельмі цікавае пытанне ад грамадзянкі з Мінска, яна пытае: чаму закрылі танцавальную пляцоўку ў парку Чалюскінцаў".

Дарэчы, у гэты раз сталі часцей тэлефанаваць мужчыны, на мінулым Усебеларускім народным сходзе з усіх званкоў у кол-цэнтр прадстаўнікам моцнага полу належала максімум 6-я частка. Сёлета аператары call-цэнтра мужчынскі голас маглі чуць удвая часцей.

Наталля Шасцялоўская, намеснік кіраўніка групы гарачай лініі Пятага Усебеларускага народнага сходу: "Напрыклад, звярнуўся мужчына, які выступае за веласіпедныя дарожкі ў вёсках, зачынілі лазню ў аграгарадку. Гэта таксама хвалюе наша насельніцтва".

А вось тэлеграмы, якія прыходзілі сюды з усіх рэгіёнаў Беларусі, сёлета сведчаць аб тым, што людзі з усёй краіны ўважліва сачылі за працай сходу - шматлікіх не пакінулі абыякавымі канструктыўныя прапановы, якія гучалі з трыбуны Усебеларускага сходу. Са сваімі ідэямі беларусы таксама дзяліліся ў тэлефонных гутарках. Адна з прапаноў - стварыць у краіне савет маладых навукоўцаў-практыкаў, якія б генерыравалі і прасоўвалі ідэі і прапановы ў розных сферах эканомікі.

Упершыню званок гарачай лініі прагучаў каля 10 гадоў таму - на Трэцім Усебеларускім сходзе. За гэты час, гавораць спецыялісты, атрымалася рэальна дапамагчы тысячам, і дадаюць: па сутнасці, такая форма камунікацыі, як гарачая лінія, яшчэ адзін доказ таго што, на маштабным форуме будзе пачуты голас кожнага беларуса.

Пацверджаннем - брыфінг, дзе падвялі вынікі працы гарачай лініі, а на пытанні адказалі міністры. Кожнаму асабіста перанакіравалі ўсе прапановы, што датычацца яго сферы. Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што ў гэтыя дні на гарачую лінію тэлефанавалі не толькі з праблемамі, але і з прапановамі.

На самы вялікі блок пытанняў міністр таксама адказаў асабіста. Анатоль Церахаў, кіраўнік галоўнага жыллёва-камунальнага ведамства, паабяцаў, што кожнае пытанне разгледзяць у найбліжэйшы час - у тым ліку і капрамонт у доме Алены Дзям'янавай.

Асобна на брыфінгу спыніліся і на сферы аховы здароўя, будаўніцтва, энергетыкі - увогуле, на кожным пытанні, якое сёння хвалюе беларусаў. Дарэчы, сёлета на гарачую лінію патэлефанавалі амаль на 3 сотні чалавек менш, чым на мінулым народным вечы. Паводле слоў спецыялістаў, гэта сведчанне таго, што зваротная сувязь працуе максімальна эфектыўна.

Актуальныя моманты брыфінгу па выніках працы гарачай лініі глядзіце ў вячэрнім эфіры пасля трансляцыі другога дня Пятага Усебеларускага народнага сходу.