Слонім на два дні становіцца літаратурнай сталіцай Беларусі

31 августа 2019

Сёння тут стартавала свята беларускага пісьменства. Тысячы гасцей з’язджаюцца ў горад над Шчарай, каб дакрануцца да нацыянальнай культуры і бліжэй пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай. Як рыхтаваўся горад да галоўнай культурнай падзеі года і чым плануе здзіўляць гасцей - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Да афіцыйнага адкрыцця свята засталося зусім мала часу. Таму ёсць магчымасць удасканаліць свае канцэртныя нумары. Народны ансамбль “Славяначка” - адзін з дзясяткаў слонімскіх калектываў, якім выпаў гонар выступаць на пляцоўках горада перад удзельнікамі галоўнай культурнай падзеі года. Адказнасць вялікая, прызнаюцца артысты, таму на рэпетыцыях выкладваюцца на ўсе 100.

Паколькі свята беларускага пісьменства, то і ў цэнтры ўвагі паэты і празаікі, літаратурныя дзеячы.

У слонімскай паэтэсы Ірыны Войткі, як і ў яе калег, дзясяткі вершаў, прысвечаных роднаму гораду. Увогуле праслаўляць прыгажосць сваёй малой радзімы - гэта адметная рыса мясцовага літаратурнага аб’яднання. 

Улічваючы славутыя літаратурныя традыцыі, у Слоніме свята пісьменства плануюць адзначыць з асаблівым размахам. На працягу двух дзён тут будуць працаваць дзясяткі творчых пляцовак. Шматлікія навуковыя канферэнцыі і пленэры пройдуць з удзелам вядомых беларускіх і замежных літаратараў.

Арганізатары свята падрыхтавалі для яго ўдзельнікаў шмат сюрпрызаў. Запланаваны спартыўныя спаборніцтвы і нават гастранамічны фестываль нацыянальнай ежы.

Яшчэ адным доўгачаканым падарункам да Дня беларускага пісьменства стаў помнік Льву Сапегу - выдатнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта пры ім Слонім атрымаў Магдэбургскае права.

Змяніўся Слонім і вонкава. Прыведзены ў парадак плошчы, вуліцы і дамы. Над абноўленым вобразам горада працавалі сотні будаўнікоў.

Сёння Слонім прымае першых удзельнікаў свята беларускага пісьменства. Усяго ж за два дні тут чакаюць каля 50 тысяч гасцей з усёй Беларусі.