Сітуацыя на беларуска-расійскай мяжы знаходзіцца пад кантролем

13 июня 2018

Мы працягваем сачыць за сітуацыяй, якая напярэдадні склалася на трасе М-1 у Дубровенскім раёне. Нагадаем, на беларуска-расійскай мяжы ўтварылася шматкіламетровая чарга. Сотні машын сабраліся на выездзе з Беларусі. Працягласць калоны была каля 20 кіламетраў.

Затрымка адбывалася на расійскім боку, на ўезд у Беларусь чэргаў не было. Зараз сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Цалкам рух удалося аднавіць да дзвюх гадзін ночы.

Святлана Дубовік, намеснік начальніка аддзела Галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Беларусі: "У адпаведнасці з пагадненнем аб стварэнні Мытнага саюза паміж РБ і РФ, мытны кантроль на агульнай мяжы скасаваны. Мытныя органы РБ на дадзеным участку мяжы кантроль не ажыццяўляюць, пункты пропуску скасаваныя. Дадзенае палажэнне знайшло сваё адлюстраванне і пры стварэнні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе".

Увесь гэты час дарожную бяспеку гарантавалі супрацоўнікі ДАІ: папярэджвалі магчымыя ДТЗ і сачылі за своечасовым перамяшчэннем калоны. Міжнародная траса М1 - асноўная транзітная дарога ў Расійскую Федэрацыю.