Школа юных аграрыяў. Асновы фермерства з дзяцінства

30 сентября 2020
У вёсцы Ляды Чэрвеньскага раёна пра звычайную сярэднюю школу можна сказаць: з аграрным ухілам. Тут вучняў ад першага да выпускнога класаў захапілі важнай справай - земляробствам. 

Як паралельна з матэматыкай і фізікай школьнікі паспяваюць  гаспадарыць на зямлі - убачыла Наталля Бардзілоўская.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Так з нядаўняга часу праходзіць урок працы ў Лядзенскай сярэдняй школе. Набыты па спонсарскім гранце трактар – найважнейшая рэч у адукацыйнай установе з аграрным кірункам. На 3 гектарах зямлі дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў вырошчвае буракі, памідоры, капусту. Тэорыю раслінаводства вывучаюць на занятках па біялогі. Практыкуюць - на прышкольным участку.

Яны вырасцілі цуд-цыбулю. Адна штука важыць за 400 грамаў. Сярод дасягненняў школьных аграрыяў  і вырошчванне бульбы пад саломай, і ўдалы эксперымент па развядзенні кавуноў.

Букетамі з іх кветнікаў упрыгожаны ўсе школьныя аўдыторыі. Агародніна і садавіна, вырашчаныя лядзенскімі гаспадарамі, ідуць ім жа на абед. Стравы школьнай сталовай рыхтуюць са свайго ж ураджаю, багатага і экалагічна чыстага.

У экамаладзёжным кааператыве «Арганіка» дзяцей навучаюць не толькі правільнаму землекарыстанню. Будучым фермерам (а большасць выпускнікоў паступаюць у агратэхнічныя тэхнікумы і ВНУ) тут даюць асновы бізнесу, вучаць правілам захоўвання прадукцыі і яе рэалізацыі. Школьнікі з малых гадоў атрымліваюць урокі фінансавай граматнасці. Лядзенцы нават вырошчваюць сваё «Грашовае дрэва» - так называецца школа ў школе, заняткі якой разлічаны на ўсе ўзросты: ад першакласніка да дзевяцікласніка.

Акрамя бізнес-заняткаў, 50 лядзенскіх школьнікаў авалодваюць ведамі па ўсёй традыцыйнай лінейцы прадметаў: музыка, літаратура, фізічная культура, замежныя мовы.

Ужо трэці год школа працуе ў рамках ініцыятывы «Настаўнік для Беларусі”. Гэта сумесны праект Міністэрства адукацыі і аднаго з беларускіх банкаў. Мэта праекта – павышэнне якасці адукацыі па ўсёй краіне, стварэнне роўных адукацыйных магчымасцей і для навучэнцаў сталічных гімназій, і для дзяцей сельскіх школ. У рамках праекта ў Лядзенскай навучальнай установе стварылі школьнае радыё, клуб настольных гульняў і гурток англійскай мовы. 

Яны паспяваюць і моркву ўбіраць, і венікі вязаць, і перамагаць на творчых конкурсах. Дзякуючы гэтым дзецям пра Ляды ведаюць далёка за межамі раёна: у Малдове, Украіне і Італіі, дзе школьнікі прадстаўлялі Беларусь.