Сезон восеньскіх кірмашоў стартуе ў сталіцы

14 сентября 2017

Бульба, капуста, яблыкі - прама з градкі ў кошык пакупніка. Сезон восеньскіх кірмашоў стартуе ў сталіцы. Ужо ў гэтыя выхадныя гандлёвыя рады разгорнуцца ва ўсіх раёнах горада. Галоўным месцам сезонных пакупак стане пляцоўка ля "Чыжоўка-Арэны". Там таксама пройдзе кірмаш "Рыба Беларусі". Якую яшчэ прадукцыю можна будзе набыць у сталіцы - раскажа Аляксандра Кавеліч.

У гэтай гаспадарцы зараз, бадай, самы напружаны час. Бульбу, буракі, а таксама яблыкі і грушы - такі восеньскі вітамінны набор збіраюць тут з самай раніцы і да позняга вечара. Каб да пакупнікоў трапіла выключна якасная прадукцыя, уся садавіна і гародніна праходзіць некалькі этапаў сарціроўкі.

Толькі ранняй капусты тут ужо нарыхтавалі 170 тон. Зараз у спецыяльных памяшканнях яна чакае адпраўкі ў гандлёвыя пункты і на восеньскія кірмашы.

Папоўніць запасы восеньскіх дароў можна будзе ўжо ў найбліжэйшыя выхадныя. Самы вялікі кірмаш зашуміць на пляцоўцы ля "Чыжоўка-Арэны". Свае тавары ў сталіцу прывязуць фермеры і сельгаспрадпрыемствы з усёй краіны. Тут жа можна будзе набыць рыбу, малочныя тавары, сыр, кандытарскія вырабы.

Кірмашы крокавай даступнасці разгорнуцца ва ўсіх раёнах горада дзеля зручнасці пакупнікоў. А вось, калі данесці пакупкі будзе складана, дапамогуць. Для маламабільных людзей і ўдзельнікаў вайны арганізуюць бясплатную дастаўку. А саму прадукцыю прапануюць са значнымі скідкамі.

Назапасіць вітаміны можна будзе і ў будні - своеасаблівыя міні-кірмашы - гандаль з машын - арганізуюць ва ўсіх мікрараёнах сталіцы. Усяго прадугледжана амаль дзве сотні пунктаў. Дарэчы, атрымаць такое месца гандлю сёлета стала больш проста.

Гандлёвы марафон працягнецца да пачатку лістапада. А вось самыя вялікія кірмашы пройдуць ля Палацу спорту 30 верасня, а таксама 1, 7 і 8 кастрычніка.