Сенсацыйныя раскопкі каля Заслаўя

9 августа 2014
Старажытныя нажы, фрагменты глінянага посуду і нават упрыгожванні. Недалёка ад сталіцы беларускія навукоўцы знайшлі селішча X-XIII стагоддзя. Раскопкі праводзяцца за некалькі кіламетраў ад Заслаўя, у раёне забудовы другой Мінскай кальцавой дарогі. Археолагі ўжо дакладна высветлілі, што гэта было за селішча. Пасля больш дэталёвага вывучэння артэфактаў стане вядома, колькі чалавек жыло на гэтай тэрыторыі. У сенсацыйных раскопках удзельнічала і Улада Карніцкая.

А яшчэ тут знайшлі срэбраныя і бронзавыя пярсцёнкі, некалькі спражак ад рамянёў і нават пару бронзавых крыжыкаў, дзякуючы чаму навукоўцы могуць сцвярджаць: тутэйшыя старажытныя жыхары былі хрысціянамі. Усё гэта нядаўна выявілі беларускія археолагі за некалькі кіламетраў ад вёскі Боўблі Мінскага раёна.
Зараз археолагі даследуюць дасканала, можна сказаць, метр за метрам, вось гэты невялікі ўчастак. Бо тут ужо знайшлі адно жыллё і 15 гаспадарчых ям - гэта тое, што раней замяняла сучасны халадзільнік. Як сцвярджаюць навукоўцы, 8 - 10 стагоддзяў таму тут быў гаспадарчы двор.
А ўсе зямлянкі і старажытныя пабудовы ў сукупнасці, на думку навукоўцаў, складалі ў X-XIII стагоддзі старажытную акругу Заслаўя. І дапамагло зразумець ім гэта тое, што праляжала ў зямлі некалькі стагоддзяў.
Зоя Харытонавіч раскопкамі займаецца ўжо больш за 7 гадоў. Гэтае селішча, гаворыць, было знойдзенае цалкам выпадкова. У раёне будаўніцтва другой Мінскай кальцавой дарогі нешта знайсці наогул не чакалі. Тут археолаг разам са сваімі калегамі прайшла ў літаральным сэнсе пешкі ўсю трасу ад Астрашыцкага Гарадка да Ракава. І ўсё для таго, каб ні адзін артэфакт не быў закатаны ў бетон.
Дарэчы, раскопкі ў раёне забудоў для беларускіх навукоўцаў - з'ява адносна новая. І завецца яна выратавальная археалогія. Для Інстытута гісторыі Акадэміі навук сёння гэта адзін з прыярытэтных кірункаў.
Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара па навуковай працы ДНУ Інстытут гісторыі НАН Беларусі: Найважнейшае тое, што захоўваецца навуковая інфармацыя аб старажытным насельніцтве, аб нашых далёкіх продках, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Нягледзячы на тое што гэта выратавальныя работы - гэта навуковыя планамерныя з выверанай методыкай археалагічныя даследаванні, для таго каб захаваць усю навуковую інфармацыю аб гэтым помніку.
Усе артэфакты, якія былі знойдзеныя тут або яшчэ выявяцца, бо археолагі работы яшчэ вядуць, чакае дасканалае вывучэнне. Навукоўцы ўпэўненыя: таму, што праляжала ў зямлі каля 10 стагоддзяў, відавочна ёсць што распавесці пра гісторыю. А ўжо пазней сенсацыйныя знаходкі адправяцца ў экспазіцыі беларускіх музеяў.