Выстава, прысвечаная вялікай балерыне Галіне Уланавай, адкрылася ў Мінску

1 сентября 2018

Сустрэцца з балетам можна не толькі ў тэатры. Выстава, прысвечаная вялікай балерыне Галіне Уланавай, адкрылася ў мастацкай галерэі Савіцкага. Творы жывапісу, графікі і скульптуры распавядаюць мовай выяўленчага мастацтва пра легенду балета ХХ стагоддзя.

Каля 70 твораў прывезены з Расіі. Выстава паспела ўразіць Маскву і Санкт-Пецербург і завяршае тур у Мінску. Аўтары праекта - члены Таварыства перасовачных мастацкіх выстаў ХХІ стагоддзя. Большая частка жывапісных твораў створана вядомым піцерскім мастаком Васілём Братанюком, які асабіста быў знаёмы са многімі артыстамі савецкага балета.

Многія творы напісаны расійскімі аўтарамі спецыяльна для гэтага праекта. Сярод іх толькі адзін мастак з Беларусі - мінчанка Лідзія Яцукевіч. Выстава "Балет, балет, балет" у мастацкай галерэі Савіцкага прадоўжыцца да 30 верасня.