Семдзясят новых пунктаў па прыёме другаснай сыравіны адкрыюць у Мінску

18 ноября 2015

Эканомія рэсурсаў і інвестыцыя ў экалогію сталіцы. Семдзясят новых пунктаў па прыёме другаснай сыравіны адкрыюць у Мінску. У сталіцы ўжо ёсць амаль 200 такіх месцаў. За месяц з кожнага пункта на перапрацоўку адпраўляюць 100 тон пластыку, металу, паперы і шкла. Звычайныя сметнікі ў дварах паступова заменяць еўракантэйнеры - для паасобнага збору. Як сталіца пераходзіць да безадходнай вытворчасці - раскажа Ян Пашкевіч.

Больш за тысячу тон другаснай сыравіны за дзесяць месяцаў - нарыхтоўшчык Святлана Беразоўская ідзе на чарговы асабісты рэкорд. За 7 гадоў яе пункт прыёму вырас у адзін з самых буйных у Мінску.

Пакуль у Мінску – дзвесце прыёмных пунктаў, вясной дадаткова з’явіцца яшчэ семдзесят. Бутэлькі, часопісы, акумулятары сюды прыносяць жыхары сталіцы і нядрэнна на гэтым зарабляюць. У прыёмных пунктах сыравіну сартуюць і адпраўляюць на перапрацоўку.

Да паасобнага збору смецця мінчане пакрыху прызвычайваюцца. Добрасумленным прапануюць адразу сартаваць пластык, шкло і паперу і выкідваць у адпаведны кантэйнер. Для гэтага ў дварах устанаўліваюць спецыяльныя скрыні. Хутка іх колькасць дасягне амаль 2 тысяч.

Еўракантэйнеры маюць невялікія адтуліны для бутэлек, а зверху яны шчыльна зачыненыя, каб у жыхароў двара не было спакусы пакінуць у кантэйнеры для шкла або пластыку вялікія пакеты са смеццем.

Тэрмін службы такіх ацынкаваных кантэйнераў удвая большы за звычайныя. Старыя ж сметнікі хутка самі стануць другаснай сыравінай.

Спецыялісты адзначаюць: мінчане ставяцца да ўтылізацыі другасных рэсурсаў больш адказна. Толькі сёлета насельніцтва і сталічныя прадпрыемствы здалі звыш 200 тысяч тон сыравіны для перапрацоўкі. А гэта – значная эканомія для горада і інвестыцыя ў экалогію