Сёння ў праваслаўных Вялікая Субота

11 апреля 2015

Сёння ў праваслаўных – Вялікая Субота – завяршаецца працяглы 40-дзённы пост. Вернікі сем’ямі ідуць у храмы асвячаць велікодныя стравы і рыхтуюцца да галоўнага вячэрняга набажэнства. У цэрквах з усіх крыжоў знімаюць цёмную тканіну. І ўжо заўтра пройдуць святочныя набажэнствы, а званы абвесяць: "Хрыстос Уваскрэс!"

Расказвае Аляксандра Драгун: Застаецца з дзясятак яек – і велікодныя сувеніры гатовыя. У майстэрні пакуль маленькія вернікі карпеюць над мудрагелістымі ўзорамі. Даніла Бранавіцкі ўпершыню рыхтуецца да велікодных святаў сярод сяброў у нядзельнай школе. Толькі сёлета пачаў тут вывучаць Божае слова.

Пісанкі, драпанкі, маляванкі... Існуе шмат тэхнік для аздаблення велікодных яек. Сёння чырвонымі ўжо нікога не здзівіш, палітра фарбаў разнастайная, да таго ж для ўпрыгажэння выкарыстоўваюць стужкі і зёлкі.

Аздабляць яйкі да Вялікадня дзеці вучацца на занятках у нядзельнай школе. Але замест курыных – штучныя, з пенапласту. Пры дапамозе гуашы і вітражных фарбаў ствараюць вось такія маляванкі.

Для выхавання моладзі ў Пакроўскім прыходзе – трохпавярховы духоўна-асветніцкі цэнтр. З уваходу чуюцца хвалебныя спевы... Дзеці рэпеціруюць песнапенні да Вялікадня.

У прыходзе ёсць батлейка, таму моладзь на кожнае свята рыхтуе спектакль на біблейскую тэму. Сёлета пераклалі вядомую народную казку, якая вучыць добразычлівасці і міласэрнасці.

Сярод першых гледачоў – новы настаяцель прыхода – айцец Мікалай. Літаральна тыдзень на новым месцы, таму, як і акцёры, хвалюецца перад прэм’ерай. Да таго ж, сёння шмат спраў. Вялікая Субота – дзень асвячэння велікодных страў, ціхай малітвы і падрыхтоўкі да Уваскрэсення Хрыстовага.

Крыжовы шлях папярэднічае велікоднаму набажэнству – вернікі яшчэ раз перажывуць пакуты Збавіцеля. У саміх жа святынях з усіх крыжоў здымаецца цёмная тканіна. І ўжо заўтра званы ў мілагучным перазвоне абвесцяць: "Хрыстос Уваскрэс!"