Сёння апошнія выхадныя зімы

25 февраля 2017

Увесь тыдзень беларусы праводзілі капрызны і непрадказальны (асабліва ў апошнія гады) сезон маразоў і рэзкіх снегападаў. Традыцыйным святам праводзінаў зімы і сустрэчы вясны з'яўляецца Масленіца - сонечная, яркая і (бадай, самае прыдатнае слова) "смачная". Тым больш, што праходзіць яна напярэдадні Вялікага посту. Сёння і заўтра кульмінацыя гулянняў. Праходзяць фестывалі і опен-эйры. Адна з самых каларытных і атмасферных святочных мясцін - Строчыцы пад Мінскам. Унікальны музей народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам сёння здзіўляў сваім размахам жыхароў сталіцы і наваколляў. Увесь дзень у строчыцкім музеі працавала здымачная група Агенцтва тэленавін. Самыя яркія і смчныя кадры ў рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

Сонца як сімвал вясны сёння ў небе і ў галоўным пачастунку Масленіцы – у бліне. Толькі ў Строчыцах аладкі пяклі па традыцыях шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: тоўстыя дражджавыя праснакі, як у Падняпроўі; тонкія далікатныя з масляна-сырнай начынкай, як у Панямонні. Бабулі з Паазер'я (Віцебшчына) прывезлі на Міншчыну свае блінцы разам з песнямі і... прыкметамі.

Для пар, што пабраліся шлюбам летась, на гэтай Масленіцы спецыяльны абрад-«праверка» - «Шанаванне маладых». Тут жа варажба на будучых жаніхоў і нявест. Як стымуляванне да сямейнага жыцця - дзея «Прывязванне калодкі». Як прызнанне ў каханні – спаборніцтвы на слупе. Скарыць пяціметровую вышыню, каб дастаць мяшэчак з падарункам для каханай, спрабавалі хлопцы розных узростаў. Прэзенты - кот у мяшку. Шанцавала па-рознаму: хтосьці атрымаў салодкі сюрпрыз, хтосьці – сярэбраныя завушніцы з фіянітам, а хтосьці да заахвочванняў так і не дапоўз.

Пасля Масленіцы Вялікі пост. Час не для вяселляў. Усебаковае ўстрыманне да Вялікадня. Беларусы генетычна, ад продкаў увабралі ў сябе павагу як да спрадвечна народных фальклорных святаў, так і да высокадухоўных хрысціянскіх традыцый.

15 творчых калектываў - узорных і народных – гаспадарылі на сарака гектарах музея-помніка. Танцавалі, спявалі, ладзілі батлейку. Забавы, гульні, рэканструкцыя абрадаў (у тым ліку абраду, унесенага ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, «Пахаванне дзеда»), конкурсы і пераапрананні – гэта ўсё з аўтэнтыкі. З сучаснага – катанне на верталётах і паветраным шары. Толькі ў Строчыцах адушавілі саму Масленіцу. За назвай свята паўстаў рэальны персанаж – прыгожая маладая жанчына як сімвал новай пары, вясны.

Яшчэ адна гераіня Масленіцы – злая Марэна. Багіня смерці і заняпаду не жартамі, а рэальнымі кантрастамі надвор'я выпрабоўвала сённяшні дзень. Але век яе завяршыўся на галоўнай - Купальскай - строчыцкай паляне. Як бы велічна (пяць метраў ростам) не выглядала саламянае пудзіла, аўтэнтычнае фаер-шоу і сотні гасцей Строчыц знішчылі яго.

Злыя сілы пераможаныя. Ні снег, ні вецер не перашкодзілі спальванню саламянага пудзіла – міфалагічная Марэна згарэла. Гэта кульмінацыя Масленіцы, якая для беларусаў не проста праводзіны зімы і сустрэча вясны, а спадзяванне на шчасце, на жыццё, на дабрабыт.