Лік выкрадзеных веласіпедаў сёлета пайшоў ужо на сотні

13 июля 2015

У Беларусі веласіпедны бум не абышоўся без страт для спартсменаў-аматараў. З кожным днём у міліцыю пішуць усё больш заяў аб крадзяжах жалезных коней. Кожны ратуе свой байк як можа, але вопытным згоншчыкам гэта не перашкода. Лік выкрадзеных веласіпедаў сёлета пайшоў ужо на сотні. Як усцерагчы свайго двухколавага сябра, раскажа Таццяна Кашпур.

Веласіпеды - занадта прынадны трафей. Іх лёгка ўкрасці і таксама проста прадаць. Не бянтэжаць ліхадзеяў ні камеры назірання, ні нават сведкі злачынства. Гэты незнаёмец на відэа вынес дзіцячы веласіпед прама са шматлюднага гандлёвага цэнтра. Яшчэ адзін веласіпед напярэдадні і ўвогуле з'ехаў на сваёй здабычы. На жаль, але па статыстыцы толькі кожны чацвёрты сагнаны байк вяртаецца да свайго ўладальніка.

Аляксандр Купчэня, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама: "Калі летась было 270 крадзяжоў веласіпедаў, то сёлета ўжо 330. Для параўнання 5 гадоў назад - усяго 80".

90% усіх велакрадзяжоў учыняюць з тамбураў і пад'ездаў. І ніякія ланцугі не здольныя спыніць згоншчыка. Самыя танныя - тросавыя замкі - больш супакойваюць, чым ахоўваюць. Ёсць мадэлі і даражэйшыя, але таксама не выратуюць ад прафесіяналаў.

Вось такі трос можна разрэзаць самымі звычайнымі кусачкамі. Яны прадаюцца ў любым будаўнічым магазіне. Куды складаней згоншчыку мець справу з тоўстым металам. Некаторыя веласіпедысты выкарыстоўваюць блакатары колаў. Выкрадальніку прыйдзецца несці байк у руках, а гэта, як мінімум, прыцягне ўвагу прахожых.

Праваахоўнікі прапаноўваюць маркіраваць веласіпеды па аналогіі з аўтамабілямі. На ўсё пра ўсё веласіпедысту спатрэбіцца 20 хвілін і 250 тысяч рублёў. Невялікая плата, улічваючы кошт любімага байка.

Аляксандр Кедо, дырэктар кампаніі: "Нябачная маркіроўка наносіцца ўжо спецыяльным спрэем, апрацоўваецца веласіпед колькасцю 1500 мікракропак яны нябачныя, пад кожнай - знаходзіцца пін-код, пад якім дадзены веласіпед знаходзіцца ў базе даных. Супрацоўніку міліцыі лёгка вызначыць прыналежнасць веласіпеда шляхам счытвання кропак".

Ёсць яшчэ адзін дакладны спосаб выратаваць веласіпед ад згоншчыкаў. У сучасных жылых комплексах з'яўляюцца спецыяльныя паркоўкі. Як, напрыклад, гэтая, у квартале Зялёны Бор у Бараўлянах. У суадносінах камфорту і надзейнасці - гэта пакуль лепшы варыянт, гавораць у міліцыі.