"Самае вялікае багацце - гэта людзі, якія тут жывуць". Вёска Відзібор святкуе юбілей

10 августа 2023

На тэрыторыі сучаснай вёскі Відзібор рос высокі зялёны бор. У 1503 годзе наведаў мястэчка пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч з роду Карповічаў. 520 гадоў споўнілася з той пары, калі падараваў ён гэтыя землі за службу выдатную вернаму дружынніку Відзіну, аб чым пінскім князем была складзена і падпісана грамата, піша polese.by.

Відзін пасяліўся каля бора, а людзі пачалі называць гэтае месца "Відзін бор". У больш познія часы вёскай валодалі розныя памешчыкі: спачатку род Шырмы, потым Юневічы і Малашыцкія. Але ж памяць пра першага жыхара вёскі - Відзіна - жыве і цяпер як пра простага чалавека, ад імя якога паходзіць назва "Відзібор".

На бацькаўшчыну, на юбілей роднай вёскі з’ехаліся землякі з розных куткоў нашай Беларусі: член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Пратасавіцкі, доктар хімічных навук Ева Трушко, бронзавы прызёр чэмпіяната свету па боксе Юлія Апанасовіч, член Саюза пісьменнікаў Аляксандр Трушко (псеўданім Алесь Наварыч) і журналіст Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Харавец.

Пачаўся святочны дзень з урачыстага адкрыцця памятнага знака "Станцыйны звон", усталяванага на будынку чыгуначнай станцыі "Відзібор" у падарунак мясцовым жыхарам ад чыгуначнікаў Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

На святочным мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Несцяровіч, намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення Аляксей Райко, ветэран чыгункі, былы начальнік станцыі Рыгор Юрчук, жыхары і госці вёскі. Пасля адкрыцця памятнага знака кожны ахвочы мог пазваніць у звон.

А святкаванне дня вёскі пачалося ў другой палове дня. На заднім двары мясцовай школы была зладжана святочная сцэна і глядзельная зала пад адкрытым небам. Адкрыў свята старшыня Відзіборскага сельвыканкама Васіль Некрашэвіч. Потым слова ўзяў старшыня райвыкакама Рыгор Пратасавіцкі, для якога Відзібор - малая радзіма.

"Паважаныя землякі, у кожнага чалавека на зямлі ёсць месца, якое з’яўляецца асаблівым. Менавіта туды ён заўсёды вяртаецца. І гэтае месца - бацькоўскі дом. І сёння для большасці тых, хто сабраўся, родны дом - вёска Відзібор. Дзякуй тым, хто рабіў і робіць нашу вёску больш камфортнай і ўтульнай для жыцця. Самае вялікае багацце - гэта людзі, якія тут жывуць", - падкрэсліў Рыгор Пратасавіцкі.

Ганаровай граматай Столінскага раённага Выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны ветэран працы, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Відзіборскі" ў перыяд з 1983 па 2019 год Сяргей Лахадынаў; ветэран працы, дырэктар Відзіборскай СШ у перыяд з 1984 па 2001 год Таццяна Кудліцкая; ветэран працы Марыя Квятка і загадчык гаспадаркі Відзіборскай СШ Васіль Квятка.

Таксама прысутных павіншаваў са святам старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч, які ўзнагародзіў граматамі райсавета ветэрана працы, былога начальніка чыгуначнай станцыі "Відзібор" у перыяд з 1993 па 2014 год Рыгора Юрчука; кладаўшчыка КСУП "Відзіборскі" Сяргея Казлякоўскага; настаўніцу Відзіборскай СШ Таццяну Храпіцкую і загадчыка Відзіборскага ФАПа Вадзіма Герасімовіча.

У святочны дзень не маглі не падзякаваць людзям працы, якія працавалі і працуюць у гаспадарцы, на палетках, на фермах, аддаючы ўвесь запал сваёй душы справе, не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі і множаць славу не толькі відзіборскай зямлі, але і ўсяго раёна. Цырымонію ўшанавання лепшых працаўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства "Відзіборскі" правёў першы намеснік старшыні райвыканкама Васіль Літвінкевіч.

На свяце ўшанавалі самага сталага жыхара вёскі Еву Афінагенаўну Харавец - ёй сёлета споўнілася 97 гадоў. Павіншавалі і запрасілі на сцэну сем’і, якія адзначылі сярэбраны і залаты юбілеі, а таксама мнагадзетныя сем’і. Віншаванні і падарункі ад сельвыканкама атрымалі самы малады жыхар вёскі і пераможцы конкурса на лепшы падворак.

Вакол святочнай пляцоўкі былі наладжаны выставы мясцовых майстрыц, якія не раз былі прадстаўлены на раённых святах, працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны для дзяцей. Завяршылася ўсё святочным канцэртам з удзелам творчых калектываў і сольных выканаўцаў раёна.