Кіраўніцтва мэрыі і дэлегацыя з Шэньчжэня абмеркавалі планы супрацоўніцтва

12 июня 2017

Кіраўніцтва мэрыі і дэлегацыя з кітайскага горада-пабраціма Шэньчжэня абмеркавалі планы супрацоўніцтва. Падчас дыялогу бакі дамовіліся аб наладжванні эканамічных і навуковых сувязяў паміж прадпрыемствамі, бізнес-супольнасцямі і навучальнымі ўстановамі двух гарадоў. Усе дамоўленасці і пагадненні падпішуць падчас наступнага візіту дэлегацыі з правінцыі Гуандун.

Цзян Лікунь, намеснік кіраўніка канцылярыі знешніх сувязяў г. Шэньчжэнь (Кітай): "Пагадненне аб пабрацімстве Мінск і Шэньчжэнь падпісалі ў 2014 годзе. Зараз мы павінны ад размоў перайсці да спраў. Нашы гарады шмат у чым падобныя. Гэта буйныя індустрыяльныя цэнтры, дзе развіваюцца высокатэхналагічныя вытворчасці. На перспектыву мы бачым шмат магчымасцяў для сумесных інавацыйных праектаў і пашырэння гандлёвых сувязяў. Тым больш што паміж Мінскам і Шэньчжэнем існуе транспартны калідор".

Акрамя Шэньчжэня сталіца таксама мае пабрацімскія сувязі з кітайскімі Пекінам і Чанчунем. Прадстаўнікам гарадоў-пабрацімаў ужо накіраваныя запрашэнні далучыцца да святкавання 950-годдзя Мінска.