"Рукапісы гараць". Выстава Алены Шыдлоўскай - у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

9 ноября 2020

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў выстава з незвычайнай назвай "Рукапісы гараць” - у рамках праекта "Сям'я". Творчыя дынастыі экспануюць сваё мастацтва ў розных жанрах і напрамках. З работамі прадстаўніцы такой дынастыі - Алены Шыдлоўскай - пазнаёмілася Ларыса Гулякевіч.


Творцы-эксперыментатары нараджаліся ва ўсе часы. Алену Шыдлоўскую можна назваць адной з першапраходцаў на шляху да беларускага авангарду. Яшчэ у 1970-я гады падчас вучобы ў Глебаўскім вучылішчы Алена пісала вершы і карціны ў нестандартнай манеры для свайго часу.
Алены Шыдлоўскай рана не стала... Не паспела выпусціць паэтычны зборнік. Засталіся толькі рукапісы, якія і дагэтуль “гараць” і эмацыянальна абуджаюць. Мастацтва і паэзія Алены неразрыўна звязаныя паміж сабою.

Дачка - Агнія - пераняла ў спадчыну ад маці мастацкі талент, займаецца графікай, афармленнем кніг і мастацкім фота. Марыць выдаць зборнік, прысвечаны маме.

Якой была студэнцкая “арт-сям’я” 1970-х? Аднакурснікі мастацкага вучылішча ўтварылі сяброўскае кола мастакоў, неад’емнай часткай якога была і Алена Шыдлоўская. Сярод іх Сяргей Малішэўскі, Віктар Саўчанка, Сяргей Крыштаповіч. Раннія эксперыментальныя работы гэтых вядомых сёння мастакоў дапаўняюць выставу, прысвечаную Алене Шыдлоўскай.

Шматгранны талент Алены Шыдлоўскай нанова адкрывае выстава ў межах праекта "Сям'я". У ім прынялі ўдзел не толькі муж і дачка Алены – Ігар і Агнія Кашкурэвічы, а таксама аднакурснікі - сябры.

Убачыць жывапіс, графіку, а таксама азнаёміцца з паэзіяй Алены Шыдлоўскай можна на працягу месяца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.