Рубрыка "Усім навука". Святлодыёднае асвятленне ў цяплічных гаспадарках

5 декабря 2017

Пра тое, чаго дасягнула беларуская навука, і як распрацоўкі навукоўцаў дапамагаюць нашым прамыслоўцам браць новыя вышыні, мы штодня расказваем у спецыяльнай рубрыцы "Панарамы" "Усім навука". Сёння новы выпуск. Пра тых, хто працуе на зямлі, і тых, хто дапамагае рабіць гэтую працу больш паспяховай. Вось ужо некалькі гадоў беларускія навукоўцы вядуць распрацоўкі аптымальнага асвятлення цяплічных гаспадарак, каб спрыяць лепшаму выніку незалежна ад сезона. І ўжо даказалі, што святлодыёдная лямпачка можа стаць канкурэнтнай перавагай аграрыяў, а ўладальнік правільнага святла першым атрымаць ураджай. Аб распрацоўках навукоўцаў, якія робяць зімовую гародніну з градкі смачнай і спелай, як летам, глядзіце прама зараз.

Гасцей тут не любяць. Наша камера ў парадку выключэння. Гавораць, цяплічныя расліны, як малыя дзеці - лёгка падхопліваюць любыя хваробы. Але да гэтых гасцей цяпліцы прывыклі. Навукоўцы рэгулярна назіраюць, як даюць плады таматы, і фіксуюць кожны этап вегетацыі.

Гэта эксперыментальная цяпліца Мінскай гародніннай фабрыкі. Менавіта тут некалькі гадоў таму рашыліся на доследы і… замянілі крыніцы святла.

Пад святлодыёдамі толькі некалькі радоў таматаў. Усё, што побач, пад традыцыйнай натрыевай лямпай. Такія асвятляюць ярка-жоўтым святлом ліхтароў і горад, і вёску.

Святло, дарэчы, адзінае, што адрознівае доследны ўчастак цяпліцы ад астатняй тэрыторыі. Задача простая - прасачыць, як асвятленне ўплывае на ўраджай.

За вынікам гады выпрабаванняў. У Цэнтры святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій свой доследны ўчастак. Тут ствараюць ідэальную свяцільню. Па-першае, надзейную (праслужыць 5-7 гадоў без замены), па-другое, эканомную (такая лямпа спажывае энергіі менш амаль на траціну) і, нарэшце, эфектыўную. Святло падабранае так, як любіць менавіта тамат.

Хто ведае, калі б святлодыёд прыйшоў у цяпліцу, калі б не космас! На рубяжы стагоддзяў святло новага пакалення просяць касманаўты. Вераць: яно дапаможа вырасціць свежую зеляніну прама на арбіце! Навука вырашае і гэтую задачу. А пасля пачынае доследы ўжо на Зямлі.

Менавіта тут, у гэтай лабараторыі, такія мініяцюрныя святлодыёды ператвараюць у паўнавартасныя свяцільні, дбайна вывяраючы якасць і колькасць святла. У гэтым і сакрэт: правільна падабраць спектр святла для кожнай расліны.

Навукоўцы ўпэўнены: у гэтым сэнсе густы ў культур (ці то тамат, ці то агурок або зеляніна) розныя. І ад таго, як зрабіць настройкі, залежыць, як хутка паспее ўраджай. Доследным шляхам тут навучыліся паскараць яго паспяванне на некалькі тыдняў.

Навукоўцы збіраюць цяплічныя звесткі практычна круглы год. Адпраўляюць ураджай на шалі, замяраюць хларафіл, ліпіды, цукар. І запэўніваюць: расце не толькі колькасць, але і якасць таматаў.

Найбольшага эфекту навукоўцы дабіваюцца ранняй вясной, калі мала сонца, да грунтавых таматаў яшчэ далёка, а цэны на свежую гародніну максімальныя. Святлодыёд сэканоміць энергію і знізіць фабрыцы выдаткі. Сабекошт тамата з улікам дарагіх энергарэсурсаў упадзе на 30 %. Навука верыць: гэта дапаможа зрабіць больш танным беларускую гародніну ў гандлі. Але пакуль маштабы доследаў невялікія, спажывец заплаціць шмат, часта выбіраючы таннейшы прывазны ўраджай.

А тым часам навукоўцы працягваюць свае эксперыменты. Набліжаюць святлодыёднае святло да натуральнага - дзённага - спектру, пачынаюць аналагічныя доследы з салатай і зелянінай і збіраюць міні-цяпліцы для гараджан, каб нават халоднай зімой кожны, хто верыць у сілу навукі, без цяжкасці вырасціў тамат на сваім падаконніку.