Раство ў каралеўскім стылі

7 января 2018

Пра традыцыі Раства каралеўскай сям'і. Пра іх нашай каляжанцы распавяла нашчадак французскіх каралёў мадам Таня дэ Бурбон Пармская. Яна не першы раз прыязджае ў Беларусь з культурна-адукацыйнымі праектамі. Наведвае Мінск, Мір, Нясвіж, Навагрудак, вывучае гісторыю, праводзіць заняткі з дзецьмі.

Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч правяла ўік-энд у падарожжы па "Залатым кальцы Беларусі" з мадам дэ Бурбон і даведалася, чым так прывабная Беларусь для манаршай персоны, і як жа сустракаюць Раство ў каралеўскай сям'і Францыі.

Майстар-класы з дзецьмі паводле этыкету і добрых манер - толькі частка праграмы візітаў прынцэсы з Францыі Тані дэ Бурбон Пармской, якая па прафесіі - дызайнер прадметаў раскошы і інтэр'еру.

Падарожжа з Мінска праз Мір, Нясвіж, Навагрудак, Бярозаўку да Гродна – любімы маршрут, які не проста распрацавала сама прынцэса з Францыі, ён склаўся сам па сабе. Першы раз нашчадак французскіх каралёў прыехала не ў Мінск, а менавіта ў Мірскі замак, дзе прадстаўляла калекцыю французскага куцюр’е Дэні Дзюрана. Яна з'яўляецца тварам моднага дома Denis Durand Couture і натхніцелем дызайнера на стварэнне такіх вытанчаных убораў, якія, дарэчы, можа насіць не толькі тытулаваная асоба, але і любая лэдзі. Галоўнае, каб выпадак быў прыдатны. Ну а для Тані дэ Бурбон сустрэча з Беларуссю – нагода асаблівая. Бо ў яе родзе карані не толькі аўстрыйскіх, французскіх і італьянскіх каралёў, але ёсць сваяцтва з рускім царом Мікалаем Другім, адгэтуль і рускае імя Таня, і з нашымі Радзівіламі.

У Наваградку госця ўпершыню. Прывёў яе сюды паэт Адам Міцкевіч. Яго партрэт пэндзля сябра і яркага прадстаўніка рамантызму Валенція-Вільгельма Ваньковіча яна бачыла ў мінскім доме-музеі. Менавіта там прынцэса даведалася пра іх блізкае сяброўства і пра тое, што беларускі жывапісец Ваньковіч памёр практычна на руках у Міцкевіча і быў пахаваны на могілках Сен-Дэні ў Парыжы. Праязджаючы праз Навагрудак, як не зазірнуць у Дом-музей Міцкевіча. Цікавіць дызайнера інтэр'ера не толькі літаратурная спадчына паэта, але і ўбранне пакояў яго роднага дома, старажытная мэбля і роспіс на кафлі печы.

Далей маршрут каляднага падарожжа мадам дэ Бурбон па маляўнічых месцах Беларусі вядзе ў Гродна. Заўсёды побач муж Луі Арно Лэрб’е - французскі тэлепрадзюсар. Чатыры гадзіны ў дарозе з невялікімі прыпынкамі і... сардэчна запрашаем у калядную казку!

Новы год і Раство - самыя казачныя і прыгожыя дні ў годзе. У кожнага народа свае традыцыі, звычаі і час святкавання. А як адзначаюць Раство ў каралеўскай сям'і Францыі? Прынцэса Таня дэ Бурбон Пармская, прамы нашчадак Генрыха 4 і Людовіка 14 сама накрывае на святочны стол і ўпрыгожвае інтэр'ер да Раства тут, у Беларусі.

Тут рыхтуецца калядны прыём з вячэрай паводле меню каралеўскай сям'і Тані дэ Бурбон. Але перш, сустрэча з дзецьмі, якія вывучаюць французскую мову. Яны падрыхтавалі для каралеўскай асобы сапраўднае прадстаўленне і наперабой дэманстравалі свае веды французскай мовы і культуры.

Для мадам дэ Бурбон "мастацтва гасціннасці" і "дызайн стала і інтэр'ера" - не проста спецыяльнасці па прафесіі, якую яна атрымала ў прэстыжнай мастацкай школе Парыжа Penninghen, дзе ў розны час вучыліся Анры Маціс і Фернан Лежэ. Гэта тыя традыцыі, якія павінны заставацца і перадавацца праз пакаленні ў наступныя стагоддзі.

Таня дэ Бурбон, прынцэса Пармская (Францыя): "Раство ў каралеўскай сям'і - гэта заўсёды свята, на якое збіраецца ўся сям'я. Усе сваякі: і мая бабуля - Дацкая прынцэса, і мае сваякі з манаршых сем'яў Італіі і Румыніі. Мабыць, гэта адзіны дзень у годзе, калі дзецям дазвалялася сядзець за адным сталом з дарослымі. Вядома, ужо шматлікіх манархаў Еўропы няма ў жывых, але традыцыя дагэтуль жывая, і ў гэты дзень мы збіраемся вялікай сям'ёй. Ёсць такія элементы дэкору, як падкладка пад усе талеркі на стале: сярэбраная або залатая, у залежнасці ад агульнага стылю ўпрыгожвання стала. Гэта тое, што засталося мне ў спадчыну ад майго бацькі. І гэта пабліскванне надае асаблівую ўрачыстасць - вельмі хораша. Кладуцца спецыяльныя прыборы, на якіх наш фамільны герб. Дарэчы, у сервіроўцы па-французску - відэльцы кладуцца зубцамі ўніз".

Муж Тані дэ Бурбон Луі - Арно Л'Ерб’е падтрымлівае ўсе пачынанні і ініцыятывы мадам дэ Бурбон. Гэтак жа цікавіцца гісторыяй і беларускімі традыцыямі, але з пункту гледжання сваёй прафесіі тэлепрадзюсара.

Луі - Арно Л'Ерб’е, тэлепрадзюсар (Францыя): "Калі ўжо гаворым пра тэлебачанне, то, вядома, калі бываю ў Беларусі, знаходжу хвілінку, каб папераключаць праграмы. І заўважыў, што кантэнт на вашых тэлеканалах абсалютна розны. Стылі перадач, фарматы. У той час як французскія каналы, вядома, не тое, каб паўтараюць адзін аднаго, але вельмі падобныя. А вось у Беларусі, як мне здалося, тэлебачанне вельмі рознае. Яшчэ раз мяне здзівілі вашы дзеці. Для нас вельмі важна і хвалююча сустракацца з беларускімі дзецьмі ў розных кутках Беларусі з розных школ і бачыць, колькі працы яны ўкладваюць у вучобу. Безумоўна, гэта не можа не ўражваць і не грэць душу. Праца прароблена каласальная. Адчуваецца і сістэмны падыход педагогаў у вывучэнні французскай мовы. Я з вялікім задавальненнем падтрымліваю такія адукацыйныя ініцыятывы".

Акрамя адукацыйных і гастранамічных праектаў, якія праходзяць і ў Мінску, у французскай тытулаванай асобы ёсць і бізнес-планы. Аб іх мы даведаемся з наступных візітаў у Беларусь прынцэсы з Францыі мадам Тані дэ Бурбон Пармской.