Вынікі сацапытання: беларусы сустракалі 2019 год з добрым настроем і аптымізмам

2 января 2019

Беларусы сустракалі 2019 год з добрым настроем і аптымізмам. Такія вынікі сацыялагічнага апытання, які правёў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта ў снежні. У фокусе даследавання былі чаканні жыхароў краіны.

На пытанне: "З якім пачуццём сустракаеце Новы год?" 64 % рэспандэнтаў адказалі, што хутчэй з добрым настроем і пачуццём аптымізму. Каля чвэрці апытаных напярэдадні свята не адчувалі асаблівых эмоцый. Песімістычныя чаканні былі характэрныя толькі для 5 % рэспандэнтаў.

Адметна, што з 2019-м беларусы звязваюць пераважна пазітыўныя чаканні. Большасць грамадзян (а гэта 73 %) глядзяць у будучыню з аптымізмам і лічаць, што год для краіны складзецца ўдала. Тое, што 2019-ты будзе цяжкім, лічаць толькі 13 % апытаных.

Найбольш высокая доля аптымістычна настроеных грамадзян назіраецца сярод моладзі да 30 гадоў. Вераць у асабісты поспех у новым годзе 78 % беларусаў. Лічаць, што 2019-ты складзецца для іх цяжка 7 % грамадзян.

Напярэдадні свята беларусы расказалі і пра свае навагоднія жаданні. Перш за ўсё, гэта палепшыць сваё здароўе і матэрыяльнае становішча. Радзей беларусы строілі планы, звязаныя з паляпшэннем бытавых умоў, адпачынкам, зменай ладу жыцця. Паказальна, што сярод моладзі плануе стварыць сям'ю, займець дзіця ў 2019-м практычна кожны трэці - гэта 30,5 % апытаных.