Рэцэпт яблычнага поснага пірага ад насельніц Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра

1 декабря 2021

Праваслаўныя вернікі ўступілі ў Піліпаўскі пост.  Гэта 40 дзён устрымання ад скаромнай ежы і шумных забаў. Насычаюцца духоўна ў гэты перыяд года малітвамі і дабрачыннасцю. Падтрымаць фізічныя сілы  сціплымі і адначасова смачнымі стравамі раяць насельніцы праваслаўнага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна. Традыцыямі малітоўнай практыкі і поснай кулінарыі сёстры падзяліліся з нашым карэспандэнтам Наталляй Бардзілоўскай.

Сястра Сілуана дзеліцца рацэптам яблычнага насыпнога пірага. Немудрагелістыя інгрыдыенты: паўшклянкі расліннага алею, шклянка мукі, столькі ж манных круп і цукру. Ванілін. Пасля таго, як усе кампаненты змешаныя,  пацерці на тарцы з кілаграм яблыкаў: тут, у манастыры, яны свае. Зрэшты, як і шматлікія раслінныя прадукты: ягады, грыбы, травы для гарбаты манашкі нарыхтоўваюць самі. Навокал жа  лес, манастыр знаходзіцца ў жывапісным месцы пад вёскай Барань, што ля Барысава. Але - да пірага...

Пакуль пірог у духоўцы,  сястра Сілуана не забывае паведаміць пра галоўны яго інгрыдыент : гэта малітва і ўдзячнасць Богу за хлеб надзённы. Увогуле, гаворачы пра пост, манашка падкрэслівае галоўнае: важныя не толькі абмежаванні ў ежы, больш каштоўнае - духоўнае ачышчэнне і ўзбагачэнне. 

Піліпаўскі пост - не самы строгі і яблычны насыпны пірог у Свята-Ксеніеўскім манастыры - жаданы ласунак. Зрэшты, прыгатаваць гэтую страву могуць усе восем сясцёр, якія жывуць тут. 

У гэтым манастыры жывуць па Афонскім статуце. Ежу сёстры прымаюць два разы на дзень. У 10:00 і ў 18:00. Пастаяннага повара ў манастыры няма, таму сёстры па чарзе дзяжураць па кухні. Гэта звязана з начнымі набажэнствамі, бо асноўныя службы тут праходзяць менавіта ноччу, пасля чаго большая частка сясцёр адпачывае, а адзіная, прызначаная манашка, гатуе стравы.

Сястра збірае ўсіх на малітву.

"Біць у біла" - гэта азначае збіраць сясцёр на набажэнства. Тут яго пачынаюць апоўначы, у тры з паловай ночы – самы пік службы, якая завяршаецца а-палове на сёмую раніцы.

Расклад жыцця ў манастыры строгі. 

Сваю гісторыю манастыр пад Баранню вядзе з 1990-х. На гэтых землях трагічна загінула маладая дзяўчына з імем Ксенія - у яе гонар вырашылі закласці тут храм пад апякунствам святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Яе абралі заступніцай манаскай сям'і і тутэйшых зямель. 

Да цудадзейнай іконы Ксеніі Пецярбуржскай, якая размясцілася ў цэнтральным храме манастыра, людзі едуць з усёй Беларусі, а таксама з замежжа. Вернікі звяртаюцца да святой з самымі патаемнымі просьбамі і жаданнямі - вераць, збываюцца!