Досвітак 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці сустракаюць па-асабліваму трапятліва

22 июня 2018

Асаблівая атмасфера сёння і ў Брэсцкай крэпасці. Менавіта яна прыняла на сябе першы ўдар праціўніка. У няроўных умовах акружаныя байцы цытадэлі стойка трымалі абарону. Прыклад мужнасці, які забыць немагчыма. Досвітак 22 чэрвеня тут сустракаюць заўсёды па-асабліваму трапятліва.

Дарогай памяці прайшла Вікторыя Патоня. У гэтую журботную дату ў мемарыяльным комплексе заўсёды асаблівая атмасфера. Цытадэль застаецца адным з галоўных сімвалаў мужнасці і стойкасці.

У самую кароткую ноч у годзе ў Брэсцкай крэпасці шматлюдна. Кожны, хто імкнецца сустрэць досвітак 22 чэрвеня менавіта тут, праходзіць па сімвалічнай алеі - "Дарозе памяці": ад Зоркі да Вечнага агню.

Жалобная цырымонія пачалася ў палове на чацвёртую раніцы. Хроніка падзей першых дзён вайны - на экранах і ў лазерным шоу. Здаецца, што дым ізноў ахутвае цытадэль.

У памяць аб загінуўшых воінах пагранічнікі на воды Буга спусцілі вянкі. Кветкі і свечкі леглі да пліт некропаля, дзе яшчэ шмат невядомых прозвішчаў. У хвіліну маўчання тысячы людзей схілілі галовы. Сярод іх ветэран Мікалай Зданевіч. Пачатак войны ў 41-м пад Брэстам ён убачыў падлеткам, а ў 44-м сам удзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы.

У журботную дату ўспомніць тых, хто "паміраў, але не здаўся", у Брэст прыехалі шматлікія дэлегацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін. Быць тут у гэтую раніцу для многіх - святы абавязак.

У пэўны час на гістарычна пэўным месцы! На досвітку на Кобрынскім умацаванні рэканструктары з 11 краін аднавілі ключавыя эпізоды штурму і абароны цытадэлі, заснаваныя на ўспамінах сведак і ветэранаў. Праціўнік планаваў захапіць Брэсцкую крэпасць за 8 гадзін. Але абаронцы, змагаючыся ў няроўным баі, без вады, ежы з недахопам боепрыпасаў, пратрымаліся месяц. Асаблівае месца займае подзвіг маёра Пятра Гаўрылава. Страціўшы ўсіх 400 байцоў, знаходзячыся ў поўным акружэнні, ён працягваў змагацца з фашыстамі адзін.

Перадаць атмасферу трагічнага супраціўлення ў першыя дні вайны пастараліся 500 чалавек. У інсцэніроўцы задзейнічалі піратэхніку, адноўленыя бронемашыны і нават грузавік на дровах. Паглядзець на ўрок гісторыі прыйшлі тысячы гледачоў.

Добра, што гэтая вайна не на самай справе. І не дзеля забавы, а каб памяталі, якой цаной дасталася мірнае неба над намі.