Правесці канікулы з карысцю

8 июля 2015

Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі ў Мінску запрашае наведвальнікаў. Праект “Разумныя канікулы” чакае аматараў інавацый любога ўзросту. Па макетах і праграмах навуковага цэнтра можна даведацца пра атамныя электрастанцыі свету ці, напрыклад, вызначыць радыяцыйны фон чалавека.

Дар’я Радкевіч, адміністратар інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі:

"Для наведвальнікаў падрыхтавана пазнавальна-забаўная праграма, якая ўключае ў сябе розныя віктарыны, тэматычныя сустрэчы з педагогамі дадатковай адукацыі, майстар-класы, займальныя заняткі на кемлівасць, разнастайныя гульні. Г. з. праект "Разумныя канікулы" накіраваны на тое, каб людзі маглі з карысцю правесці свой вольны час, даведацца нешта новае, цікавае для сябе".

З дапамогай дзеючых макетаў тут можна навучыцца кіраваць прыроднымі з'явамі, а на інтэрактыўным стале з дапамогай планшэта ўбачыць канструкцыі будучай беларускай атамнай электрастанцыі.

Прапануюць нават і пазнавальны 3D-спектакль, пасля якога дзеці адказваюць на пытанні віктарыны. З пачатку "Разумных канікул" цэнтр наведала больш за 600 чалавек.