Праект мемарыяльнага комплексу "Урочышча Пяскі" ў Полацку ўжо цалкам гатовы

22 февраля 2016

Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны асаблівая ўвага тым, хто стаяў на абароне сваёй Радзімы, прайшоў праз усе нягоды вайны і тым, хто не дажыў да нашых дзён... Уся Беларусь падключылася да збору сродкаў на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу "Урочышча Пяскі" ў Полацку. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся транзітны лагер для савецкіх ваеннапалонных. У гэтым месцы загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Праект комплексу ўжо цалкам гатовы - на тэрыторыі з'явяцца адразу некалькі маштабных будынкаў. Марына Раманоўская падрабязна.

Гісторыю левага берагу Палаты ў Полацку ведае кожны. У гады Вялікай Айчыннай вайны на ўскраіне горада знаходзіўся перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных "Дулаг-125". Смяротная доля тут напаткала сама меней 40 тысяч чалавек. Сярод іх - беларусы, расіяне, украінцы і італьянцы.

У народзе гэта месца ахрысцілі тэрыторыяй смерці. Штодня тут гінулі сотні. Людзей хавалі на былым стрэльбішчы. Гісторыкі гавораць: зямля літаральна дыхала. У "Дулаг- 125" таксама звозілі забітых з суседняга лагера смерці. Пасля моцнага дажджу чалавечыя астанкі вымываюцца на паверхню зямлі і зараз.

У гэтых цяжкіх папках - праект будучага мемарыяльнага комплексу. Паводле задумы спецыялістаў, ён уключае адразу некалькі маштабных будынкаў. Сярод іх капліца, помнік "Брацкая магіла" і партал уваходу.

Плошча будучага мемарыяла каля аднаго гектара. Тут ужо ўсталявалі сцяну памяці. На стэле імёны больш як 100 чалавек, якія прайшлі праз лагер "Дулаг-125".

Комплекс прадуманы да дробязяў. Да мемарыяла будуць весці некалькі дзясяткаў прыступак. А ўпрыгажэннем стане мастацкае падсвечванне.

Мясцовая ініцыятыва ўжо дасягнула рэспубліканскага маштабу. Аднымі з першых да акцыі па зборы грошай падключыліся вайскоўцы і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Людзі ўпэўнены, что нават самы маленькі ўнёсак стане вялікай дапамогай у будаўніцтве новага мемарыяла.