Беларускія аграрыі пачалі вяснова-палявыя работы

5 апреля 2018

Беларускія аграрыі пачалі вяснова-палявыя работы. Зрабіць трэба шмат. Неабходна засеяць не толькі яравы клін, але і закончыць сяўбу азімых. Мінулай восенню з-за дрэнных умоў надвор’я яна не была цалкам завершана. У некаторых гаспадарках на вясну перанеслі і апрацоўку азімых сродкамі абароны. Увесь комплекс задач трэба выканаць у тэрмін. Бо ад захавання тэхналагічных патрабаванняў залежыць ураджай. Пасей пазней тэрміну - і з цэнтнера можна недабраць да 20 % хлеба. Вольга Маслоўская пра дыктатуру тэхналогій, якія павінны быць у АПК.

У гэтым пакоі сапраўднае багацце. На паліцах самае каштоўнае, што ёсць у чалавецтва - хлеб. Педагог і аграном Леанід Жыцянёў захапіўся калекцыянаваннем збожжавых яшчэ ў студэнцтве. Больш за 20 гадоў яму дапамагаюць школьнікі.

У калекцыі - 3 тысячы відаў насення збожжавых. Навуковы абмен наладжаны з дзесяццю замежнымі банкамі генетычных рэсурсаў раслін. Новыя экспанаты абавязкова правяраюць у кліматычных умовах Брэсцкага рэгіёна.

Вось гэта доследныя 30 сотак, дзе юныя аграномы тэсціруюць насенне, якое ў Целяханы прысылаюць навукоўцы з розных краін. У снежні прыйшла пасылка з Айдаха, ЗША. Азімая пшаніца, якая праляцела паўсвету, дасць усходы пасля 20 красавіка.

Насенне, адпраўленае амерыканскімі навукоўцамі, родам з цёплых краін. Таму каб расліны далі ўраджай, іх прыйшлося падмануць. Ім зрабілі кароткую зіму - высадзілі ў канцы лютага. У астатнім – строгае захаванне тэхналогій. Таму ў ліпені тут каласуе пшаніца і з Тыбета, і з Эфіопіі.

Аб тым, што пад кожную культуру ёсць свая навукова абгрунтаваная і правераная тэхналогія апрацоўкі, ведае кожны аграном. У НПЦ па раслінаводстве працуюць з 42 сельскагаспадарчымі культурамі. Выводзяць высокапрадукцыйныя сарты і гібрыды. Але яны не церпяць бязладнага падыходу.

Кожную зіму супрацоўнікі цэнтра праводзяць вучобу з аграрыямі. Зараз, калі ідзе сяўба, створана каманда спецыялістаў, гатовых выехаць на месца і кансультаваць аграномаў, каб не страціць ураджай. Аб важнасці захавання тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы для атрымання добрых эканамічных вынікаў гаварыў і Кіраўнік дзяржавы падчас рэспубліканскага семінара-нарады аб павышэнні эфектыўнасці АПК краіны. Дыктатура тэхналогій - такое патрабаванне Прэзідэнта.

Ушчыльную з тымі, хто непасрэдна працуе на зямлі, супрацоўнічаюць работнікі Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Тут займаюцца не толькі селекцыяй і стварэннем новых высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў. Да кожнага выведзенага сорту навукоўцы распрацоўваюць свайго роду дапаможнік па вырошчванні. Такі бульбяны пашпарт вельмі дапамагае аграномам у гаспадарках - правільна падабраць угнаенні, разлічыць іх колькасць, вызначыць ідэальны момант для пасадкі і ўборкі клубняў. Навукоўцам і працаўнікам сяла проста неабходна працаваць у звязцы. Таму часта на змену лабараторыі і белым халатам прыходзяць гумовыя боты і рабочае адзенне.

Сёлета навуковы цэнтр прэзентаваў два новыя сарты бульбы - "юлія" і "гарантыя". Надзеі на іх вялікія. У цэлым мінулы аграрны сезон для бульбяных гаспадарак з пункта погляду надвор'я быў няпростым. Тым не менш захаванне дакладных правіл пасадкі і догляду дазволіла атрымаць рэкордны ўраджай. Упершыню ў Беларусі ўраджайнасць бульбы наблізілася да 300 ц/га.