Працягваюць развівацца падзеі вакол пасадкі самалёта Ryanair у аэрапорце Мінск

25 мая 2021

Працягваюць развівацца падзеі вакол факту экстраннай пасадкі самалёта ў нядзелю ў сталічным аэрапорце. Як і было заяўлена напярэдадні, Беларусь гатова падзяліцца поўнай інфармацыяй наконт гэтага. Афіцыйную заяву на сваім сайце сёння размясціў Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. У прыватнасці, апублікаваны ліст, які паступіў 23 мая на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорта Мінск. У тэксце - пагроза ўзарваць самалёт над Вільнюсам. Таксама ў адкрытым доступе і поўная стэнаграма запісу перамоў дыспетчара і пілота як доказ таго, што на экіпаж паветранага судна з боку ўпаўнаважаных органаў Рэспублікі Беларусь не аказваўся націск, не выказваліся пагрозы і прымусы да пасадкі. Гэтыя матэрыялы былі накіраваны ва ўсе міжнародныя авіяарганізацыі, а таксама кіраўнікам авіяцыйных адміністрацый краін Еўропы і іншых дзяржаў.

Далей справа прыняла іншы абарот. На борце самалёта знаходзіўся адзін з заснавальнікаў экстрэмісцкага тэлеграм-канала, які з-за мяжы займаўся каардынацыяй пратэстаў у нашай краіне. Варта падкрэсліць, што гэта грамадзянін Беларусі, які абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, таму ён і быў затрыманы ў Мінску. З дапамогай гэтага факту тэма ўпарта пераводзіцца ў палітычную плоскасць заходнімі партнёрамі, прычым, як звычайна, выкарыстоўваюцца тэхналогіі дваістых стандартаў - яны ўпарта не заўважаюць свае ж прэцэдэнты.