Праблемны сюжэт з Гродзенскай вобласці

6 декабря 2015

Тут жыхары і мясцовыя ўлады ніяк не могуць знайсці кансенсус па даволі адчувальным пытанні. Камень спатыкнення - аб'яднанне дзвюх гаспадарак у Смаргонскім раёне. У райвыканкаме гэты крок лічаць заканамерным запатрабаваннем. Вось толькі жыхары занепакоеныя, што з-за гэтага закрыюць іх сельсавет, а разам з ім і пошту - адзіную магчымасць грашовых разлікаў у акрузе, а таксама і ўсю астатнюю інфраструктуру: школу, амбулаторыю і клуб. Але вось мясцовыя ўлады падставы для панікі не бачаць, і ў якасці аргументаў апелююць лічбамі. Ці застанецца ад АГРА-гарадка адна прыстаўка? Наш карэспандэнт Дзмітрый Смірноў выслухаў меркаванні абодвух бакоў.

Заслужаны настаўнік Беларусі, фермер, пенсіянеры, маці, якой прыходзіцца паспяваць на трох работах, і сям'я, якая пераехала ў Беларусь з Карэліі. Больш чым 20 чалавек сабраліся на прыступках Войстамскага сельскага савета пасля таго, як у мясцовай газеце з'явілася невялічкая аб'ява, што два сельсаветы знікнуць. Жыхары аграгарадка ўжо аб'ехалі некалькі вёсак і сабралі подпісы за адмену раённай ініцыятывы аб'яднання. Аргументуюць вопыт папярэдніх аб'яднанняў гаспадарак.

У 2011-м аб'ядналі СПК, а сельсаветы не кранулі, даўшы час "на адаптацыю" жыхарам. У канцы 2015-га гэты час, здаецца, падышоў да канца. Жыхары ж Войстама тэрытарыяльнае аб'яднанне жартаўліва ўжо ахрысцілі "жаніцьбай". Вось толькі шлюб, па іх меркаванні, для аднаго з бакоў выходзіць няроўны.

Мясцовыя жыхары лічаць, калі закрыюць сельсавет, то не будзе працаваць і пошта. Пасля пераносу адміністрацыі ў СПК "Вішнёва" ацяпляць памяшканні ніхто не стане, і пошта вымушана будзе з'ехаць. Але ўся зарплата ў аграгарадку на пластыкавых картках, вось толькі ні банкаматаў, ні інфакіёскаў, ні нават тэрмінала ў магазіне няма.

Калі ўсё-такі сельскі савет тут, у Войстаме, зачыняць, то найбліжэйшае месца, дзе можна будзе аплаціць мабільны тэлефон або проста зняць грошы, - на адлегласці 50 кіламетраў.

Безумоўна, існуюць мабільныя паштовыя філіялы. Але як стаяць у чарзе, калі на вуліцы зусім не летняе сонца?

Дарэчы, некалькі гадоў назад гэты аграгарадок быў узнагароджаны граматай Гродзенскага аблвыканкама як самы добраўпарадкаваны ў рэгіёне. Сёння акрамя школы тут працуе клуб і амбулаторыя. І хоць жывуць тут крыху больш за 700 чалавек, Войстам - гэта цэнтр прыцягнення для яшчэ некалькіх дзясяткаў вёсак у акрузе. Усё адміністрацыйнае жыццё сканцэнтравана ў двухпавярховым будынку сельсавета.

Аб'яднанне між тым плануецца сур'ёзнае. Гаворка ідзе аб больш чым 17 000 гектараў. Паводле слоў старшыні Смаргонскага савета дэпутатаў, гэта заканамерна, і ў пацверджанне прыводзіць лічбы.

У райвыканкаме не бачаць падставы для панікі. Улады абяцаюць, што ні адзін аб'ект у Войстаме пасля аб'яднання не зачыніцца. Зараз вырашаюць, ці трэба пакінуць тут спецыяліста па адміністрацыйных працэдурах.

Канчатковае рашэнне аб сельсавеце ў Войстаме прымуць на працягу месяца. Да гэтага часу прадстаўнікі райвыканкама абяцаюць выехаць на месца і абмеркаваць усе дэталі аб'яднання з мясцовымі жыхарамі, а таксама асабіста выслухаць меркаванне кожнага.