Прычына камунальнай аварыі ў Мінску высвятляецца

23 апреля 2021
Водазабеспячэнне ў Заводскім, Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах беларускай сталіцы поўнасцю адноўлена. Вада прыдатная для ўжывання. Лабараторная праверка проб паказала: пітная  вада ўжо адпавядае ўсім неабходным паказчыкам. Пра гэта Агенцтву тэлевізійных навін расказалі ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

З-за камунальнага надзвычайнага здарэння, што адбылося вечарам 21 красавіка, тры сталічныя раёны на некалькі гадзін засталіся без вады. Падачу пасля рамонтных работ аднавілі, але вада не адпавядала нормам, таму спецыялісты санэпідстанцыі да сённяшняй раніцы рэкамендавалі ўжываць ваду толькі ў бытавых мэтах. Прычыну аварыі працягваюць высвятляць. Сярод версій - пашкоджанне трубаправода з-за будаўніча-мантажных работ і нізкая якасць металу, што магла прывесці да паскоранага зносу трубаправода.