А. Лукашэнка: Беларусы ўсвядомілі, што маглі страціць сваё мірнае жыццё

15 марта 2021
На чале Асноўнага закона краіны павінны быць нашы нацыянальныя інтарэсы, палітычныя і прававыя традыцыі. Сімвалічна, што менавіта сёння, у Дзень Канстытуцыі, пачынае работу Канстытуцыйная камісія. Рашэнне аб яе фарміраванні прынялі на VI Усебеларускім народным сходзе.

З тымі, каму трэба будзе працаваць над галоўным дакументам дзяржавы, сёння сустрэўся Прэзідэнт. Сярод іх прадстаўнікі дзяржорганаў, розных галін, юрысты, грамадскія дзеячы - за адным сталом больш за тры дзясяткі спецыялістаў. Свае прапановы па змяненні Асноўнага закона ўжо паступалі і на дыялогавых пляцоўках, і падчас работы з дэпутатамі на месцах імкнуліся максімальна пачуць кожнага беларуса. Гэтыя ідэі таксама трэба будзе прааналізаваць камісіі.

Канстытуцыя РБ стала сімвалам свабоднага і мірнага жыцця беларусаў

Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу: змяненні ў Канстытуцыю ўносяць не таму, што дакумент сябе вычарпаў. З ім мы сфарміраваліся як суверэнная мірная дзяржава. Проста неабходна закон актуалізаваць з улікам рэалій сённяшняга і заўтрашняга дня. Звярнуць увагу трэба і на сусветны вопыт.

Дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна быць публічнай і празрыстай


Работа над дакументам павінна быць публічнай і празрыстай, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Унікальнасць канстытуцыйнага працэсу ў Беларусі ў тым, што грамадзяне самі непасрэдна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы закона. На сустрэчы абмеркавалі ініцыятывы, якія паступілі ад беларусаў. Грамадзяне супраць радыкальных змяненняў. Выступаюць за захаванне прэзідэнцкай рэспублікі, развіццё дружалюбных сувязяў з Расіяй, інтэграцыйныя працэсы.

Галоўнае, перакананы члены камісіі, - пры ўнясенні новых паправак у Канстытуцыю нельга страціць лепшае са старога.


65 % удзельнікаў сацапытання супраць змяненняў у Канстытуцыі

Такога меркавання прытрымліваюцца і многія беларусы. Нагадаем, нядаўняе сацыялагічнае даследаванне нашага грамадства паказала: дзеючая Канстытуцыя сябе не вычарпала. Паводле звестак маштабнага сацапытання, больш за 65 % яго ўдзельнікаў не лічаць патрэбным мяняць Асноўны закон краіны.

Праект Канстытуцыі вынесуць на грамадскае абмеркаванне

Падагульніць усе прапановы Канстытуцыйная камісія павінна не пазней за жнівень - верасень. Далей праект вынесуць на грамадскае абмеркаванне. Канчатковы вынік Асноўнага закона краіны прадставяць на рэферэндуме. Ён запланаваны на пачатак наступнага года.