Прэзідэнт падпісаў указ аб Канстытуцыйнай камісіі

16 марта 2021
Прэзідэнт  Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Дакумент прыняты для рэалізацыі палажэнняў рэзалюцыі 6-га Усебеларускага народнага сходу.

Канстытуцыйнай камісіі даручана распрацаваць прапановы па змяненні Асноўнага закона і забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне. Ёй нададзена права пры неабходнасці  задзейнічаць у працы кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржорганаў і іншых арганізацый. Да 1 жніўня  Канстытуцыйная камісія павінна падаць кіраўніку дзяржавы выпрацаваныя прапановы па змяненні Асноўнага закона для наступнага іх вынясення на рэспубліканскі рэферэндум. 

У складзе Канстытуцыйнай камісіі 36 чалавек, старшыня  П. Міклашэвіч

У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрысты,  прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы,  свае ідэі прапануе і моладзь. Узначаліць камісію старшыня Канстытуцыйнага суда заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч. 

Прэзідэнт сустрэўся з Канстытуцыйнай камісіяй

Напярэдадні Прэзідэнт сустрэўся з тымі, каму трэба будзе працаваць над галоўным дакументам  краіны. У Палацы Незалежнасці таксама прысутнічалі прэм'ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі. Яны не ўваходзяць у склад Канстытуцыйнай камісіі. Але і ўрад, і Адміністрацыя ў рамках сваіх кампетэнцый будуць удзельнічаць у гэтай вялікай працы. Прапановы па змяненні Асноўнага закона паступалі і на дыялогавых пляцоўках, і па парламенцкай лініі. Імкнуліся максімальна пачуць кожнага. Усе ідэі трэба будзе прааналізаваць камісіі. 

Канстытуцыя стала сімвалам свабоднага і мірнага жыцця беларусаў

Пры гэтым важна не страціць лепшае з ранейшага вопыту. Дзеючы дакумент сябе не вычарпаў. Пра гэта гаворыць і вынік сацапытання, якое нядаўна прайшло ў Беларусі. Большасць лічыць цяперашні Асноўны закон актуальным. Менавіта з ім Беларусь сфарміравалася як суверэнная мірная дзяржава. Улічваючы рэаліі і новыя рызыкі, наспела неабходнасць актуалізаваць дакумент. Праца над ім будзе публічнай.