Старшыня Белтэлерадыёкампаніі правёў сустрэчу з журналістамі ў Лідзе

22 января 2020
У Лідзе сёння ішла размова аб развіцці рэгіянальных СМІ. З работнікамі мясцовага тэлерадыёаб'яднання сустрэўся старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Іван Эйсмант адзначыў: задача рэгіянальных журналістаў - асвятляць пытанні мясцовага значэння, паднімаць праблемы гарадскога і раённага ўзроўню, а таксама асвойваць інтэрнэт-прастору. У сваю чаргу мясцовых журналістаў цікавілі перспектывы развіцця буйных медыя краіны. Абмяркоўваліся пытанні самаакупнасці невялікіх тэлекампаній, а таксама прыцягненне рэкламадаўцаў у мясцовыя СМІ.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Мясцовыя СМІ, рэгіянальныя СМІ, рэгіянальныя тэлекампаніі не менш важныя, чым рэспубліканскія. Я лічу, што ёсць пытанні, якія мы на рэспубліканскім узроўні павінны змяняць, што датычыцца нашай тэлекампаніі, але ёсць рэчы, якія трэба дапамагаць змяняць у рэгіёнах. Для гэтага трэба выслухаць людзей, трэба разумець, якія ў іх ёсць праблемы, праблемы на мясцовым узроўні і на рэспубліканскім. І паспрабаваць іх вырашыць. Падставіць плячо - гэта наш абавязак".

Ніна Пазняк, галоўны рэдактар Лідскага тэлерадыёаб'яднання: "Падтрымка рэгіянальных СМІ будзе, і наша супрацоўніцтва з Белтэлерадыёкампаніяй таксама будзе. І гэта, я лічу, выдатна для рэгіянальшчыкаў таму, што мы на месцы бачым усё, што адбываецца, і гатовыя дзяліцца нашай інфармацыяй".

Белтэлерадыёкампанія гатовая падтрымаць рэгіянальныя СМІ. У прыватнасці, не выключаецца магчымасць набыцця праграм Лідскага тэлебачання. Прапрацоўваецца пытанне стажыроўкі мясцовых журналістаў у медыяхолдынгу.