Пажар у Старых Дарогах ледзь на скончыўся трагедыяй

18 января 2014

На шчасце, на дапамогу своечасова прыйшлі ратавальнікі. У выніку ахвяр удалося пазбегнуць. Што стала прычынай узгарання, зараз высвятляюць спецыялісты, але ўжо дакладна вядома, што без чалавечага фактару не абышлося. На жаль, у большасці такіх НЗ вінаватыя самі гаспадары, нягледзячы на тое, што кожны дзень МНС Беларусі нястомна нагадвае аб правілах пажарнай бяспекі. Але, на жаль, прыслухоўваюцца далёка не ўсе. За 15 гадоў існавання ведамства яго супрацоўнікі толькі на пажарах выратавалі тысячы жыццяў. Яшчэ больш на аварыях, паводках, і іншых надзвычайных сітуацыях. На дапамогу нашы ратавальнікі прыходзяць не толькі беларусам, але і тым, хто падае сігнал SOS далёка за межамі нашай краіны.


Пра тое, чым сёння жыве МНС, і ці гатова служба выратавання даць годны адпор бядзе, распавядзе Юрый Шаўчук. На гэты пажар, які адбыўся літаральна напярэдадні вечарам, байцы МНС прыбылі за 4 хвіліны. У Старых Дарогах на вуліцы Гагарына полымя ахапіла жылы драўляны дом. З полымем спецыялісты справіліся за лічаныя хвіліны. Ніхто не пацярпеў. Але як паказвае практыка, гэта хутчэй выключэнне з правіл. Толькі з пачатку года ў краіне на пажарах загінулі больш за 60 чалавек. І як бы гэта банальна не гучала, але асноўная прычына трагедый - бестурботнасць самога чалавека.


Сёння спецыялісты робяць усё магчымае, каб звесці лічбы сумнай статыстыкі да мінімуму. Але, на жаль, пакурыць у ложку, уключыць няспраўны электрапрыбор або пакінуць без нагляду печ - справа звычайная. Як правіла, усе падобныя гісторыі заканчваюцца аднолькава…


Сёння ўжо дакладна можна сказаць, што за сваю 15-гадовую гісторыю беларускія ратавальнікі дапамаглі тысячам людзей, як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі. Расія, Турцыя, Грэцыя - гэта далёка не поўных спіс тых краін, куды прыходзяць на дапамогу нашы байцы МНС. На ўзбраенні ведамства самае сучаснае абсталяванне і тэхніка.


Гэтая машына хуткай дапамогі - наглядны прыклад унікальнай аснашчанасці беларускіх ратавальнікаў. Па сутнасці, гэта нават не аўтамабіль, а клініка на колах. Пацярпеламу тут могуць аказаць не толькі першую медыцынскую дапамогу, але, калі спатрэбіцца, і рэанімаваць яго. Дэфібрылятар, кардыёграф, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх - усё гэта змясцілася ў адным аўтамабілі.


У такіх вось максімальна набліжаных да рэальнага жыцця сітуацыях куюцца кадры МНС. Камандна-інжынерны інстытут - альма-матар беларускіх ратавальнікаў. Сёння тут вучацца больш за паўтары тысячы студэнтаў. Асноўная стаўка зроблена на пераемнасць назапашанага вопыту і ўкараненне найноўшых тэхналогій навучання.


Іван Палявода, начальнік ДУА Камандна-інжынерны інстытут МНС Беларусі: Тыя спецыялісты з 20 краін, якія наведалі, адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Па шматлікіх пазіцыях мы перасягаем нават ВНУ Заходняй Еўропы. І на сёння тыя тэхналогіі, якія намі выкарыстоўваюцца, яны ўнікальныя, яны не падгледжаны, яны зроблены менавіта намі і з'яўляюцца перадавымі.


Ужо заўтра беларускія ратавальнікі адзначаць свой 15-гадовы юбілей. Усе гэтыя гады яны спяшаліся на дапамогу тым, хто так меў у ёй патрэбу, і змагаліся з бядой, якая прыходзіла не толькі на беларускую зямлю, але і ў іншыя краіны. Рызыка для іх ужо даўно стала спосабам жыцця, жыцця насуперак смерці.