Пабудуем хоспіс разам

3 сентября 2015

Працягваецца збор сродкаў на ўзвядзенне новага паліятыўнага цэнтра. Нагадаем, Белтэлерадыёкампанія ўжо двойчы праводзіла дабрачынны тэлемарафон. Сёлета атрымалася сабраць паўтара мільярда беларускіх рублёў. Найбуйнейшы сотавы аператар краіны таксама дапамагае дзецям, але ўжо ў новым фармаце. 6 верасня ў парку Перамогі адбудзецца дзіцячы дабрачынны забег. Узрост яго ўдзельнікаў - ад 4 да 12 гадоў. А пакуль ідзе падрыхтоўка да маштабнай акцыі. Для гэтага ў Мінску працуюць "мабільныя" дзіцячыя пляцоўкі. 

Надзея Сербіненка пабывала на трэніроўцы.

Ужо другі раз парк Перамогі ператвараецца ў дзіцячую пляцоўку. Мабільную. Прыхільнікаў бегу ўсіх узростаў збірае дабрачынная акцыя.

На такіх мабільных гульнявых пляцоўках аматары бегу, як дарослыя, так і дзеці, змогуць размяцца і атрымаць зарад энергіі. З дзецьмі таксама працуе прафесійны трэнер па лёгкай атлетыцы, які дапаможа правільна падрыхтавацца да прабежкі.

Ужо ў гэтую нядзелю ў Мінску адбудзецца дабрачынны забег. Арганізатары запрашаюць дзяцей ад 4 да 12 гадоў. За кожнага з іх мабільны аператар пералічыць на рахунак Беларускага дзіцячага хоспіса 150 тысяч рублёў. Акцыю "Велкомбягом" падтрымае і чэмпіёнка Еўропы па лёгкай атлетыцы Аліна Талай.

Крысціян Лаке, тэхнічны дырэктар кампаніі Velcom: "Дзеці - гэта наша будучыня. Іх трэба падтрымліваць і даваць магчымасць развівацца. Вельмі важна, што камерцыйныя кампаніі ўдзельнічаюць у такіх дабрачынных акцыях. Але мы арганізавалі не проста збор сродкаў на будаўніцтва хоспіса. Мы папулярызуем здаровы лад жыцця, і прывіваем любоў да спорту, у першую чаргу, у дзяцей".

Гатоўнасць новага будынка дзіцячага хоспіса - 70%. Для завяршэння прац і адкрыцця паліятыўнага цэнтра неабходна сабраць яшчэ 400 тысяч долараў. Толькі дзякуючы такім акцыям зрабіць гэта цалкам рэальна.

Іна Іванская, намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага хоспіса па будаўніцтве: "Цалкам узведзены будынак, пастаўлены вокны, кацельня, унутраныя інжынерныя сеткі ўжо таксама на завяршальным этапе, зараз актыўна вядзецца чарнавая адделка, потым чыставая адделка і абсталяванне будынка мэбляй, апаратурай".

Новы хоспіс стане найбуйнейшым у краінах СНД цэнтрам навучання па дзіцячай паліятыўнай дапамозе. Спецыяльна для збору сродкаў на ўзвядзенне новага будынка сотавы аператар таксама адкрыў кароткі нумар 20-15. Кошт смс або званка - 10 тысяч рублёў. Калі будзе сабрана дастатковая колькасць сродкаў, новы будынак хоспіса адкрыюць ужо да канца года.