Амаль паўтысячы выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў сёлета пачнуць працу ў Мінскай вобласці

17 марта 2016

Такім чынам укамплектаванасць урачэбнымі кадрамі ў цэнтральным рэгіёне дасягне 95%. Адначасова ўдасканальваецца і абсталяванне бальніц і паліклінік, з'яўляюцца новыя запатрабаваныя паслугі.

Пра развіццё медыцыны ў малых гарадах рэпартаж Аляксея Кандраценкі.

Утульныя палаты і сталовая, светлыя калідоры. Пацыенты тэрапеўтычнага аддзялення Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы заўважылі: свежы інтэр'ер паскарае папраўку. І гэта без уліку прафесіяналізму саміх урачоў. Усе рамонтныя работы тут праводзяць гаспадарчым спосабам. Мінімум пасрэднікаў дазваляе эканоміць да 50%.

Камфортныя ўмовы працы, сацыяльныя гарантыі, жыллё - тое, што ў Валожынскай бальніцы атрымліваюць медработнікі. Для пацыентаў жа - новыя паслугі. Напрыклад, іголкарэфлексатэрапія: кропкавы падыход рэкамендаваны для лячэння амаль 30-ці захворванняў. Плюс папулярны сэрвіс - кампрэсійны масаж. Тут на службе ў медыкаў новы прыбор - лімфамат.

Аляксей Маскальцаў, загадчык аддзялення Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы: "Крывацёк у людзей, у якіх ён парушаны, паляпшаецца, таму што апарат дапамагае руху крыві і тканкавай вадкасці, што застаялася ў канечнасцях, бліжэй да сэрца. У гэтым яго асноўны эфект".

Рамонтныя работы ў Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы адбываюцца паэтапна. Такім жа чынам дзейнічаюць і многія іншыя медыцынскія ўстановы Мінскай вобласці. Усяго ж дапамогу насельніцтву цэнтральнага рэгіёна аказваюць 5 460 урачоў і звыш 15-ці тысяч медработнікаў. Ужо сёлета да іх далучацца яшчэ амаль паўтысячы спецыялістаў. Новыя лабараторыі, кабінеты і інтэр'еры паліклінік ці бальніц паслужаць добрым стымулам для старту працы.