Амаль 250 школьных лагераў дзейнічаюць у Мінску

27 марта 2017

Бавіць час з карысцю дзеці могуць у школьных лагерах. Іх у сталіцы амаль 250. Прапануюць і тэматычныя праграмы з акцэнтам на вывучэнне замежнай мовы ці акцёрскага майстэрства. Якому адпачынку аддаюць перавагу мінскія школьнікі - высветліла Аляксандра Кавеліч.

Мар'я Глушко старанна сплятае рознакаляровыя ніткі ў пояс. У дні канікул сямікласніца ахвотна займаецца любімым хобі. Старадаўнім рамяством дзяўчына цікавіцца некалькі гадоў, а сёння ўдзельнічае ў гарадскім конкурсе па ткацтве.

Віктарыны, творчыя конкурсы і выставы. У раскладзе сталічнага Палаца дзяцей і моладзі ў дні канікул як пазнавальныя заняткі, так і актыўны адпачынак.

Сёння сталічныя школьнікі таксама дэманструюць сваё майстэрства па рускім більярдзе і пуле. Гарадскі турнір аб'яднаў некалькі дзясяткаў удзельнікаў. Тут для пераможцаў галоўнае ўвага і сканцэнтраванасць.

У сталічным заапарку адпачынак з экалагічным акцэнтам. Разам з чараўніком Берандзеем школьнікі раскрываюць сакрэты ляснога царства і вывучаюць яго жыхароў.

А дзесяцікласнік Аляксей Аполька праводзіць канікулы з перспектывай на будучыню - выбірае прафесію. Знаёмства з рознымі спецыяльнасцямі прапануе адзін са сталічных адукацыйных цэнтраў. У праграме сустрэчы з прадстаўнікамі шматлікіх прафесій, кансультацыі з псіхолагам і практычныя заняткі.

Падчас канікул працуюць і школьныя лагеры. Іх у сталіцы каля 250. Там можна падцягнуць веды па прадметах, а таксама паўдзельнічаць у канцэртах і спартакіядах. Пройдуць на гэтым тыдні і заключныя этапы рэспубліканскай алімпіяды. У Мінску выявяць пераможцаў па геаграфіі.