Рэпартаж пра герояў 40-х і тых, хто беражліва захоўвае традыцыі пераможцаў

10 мая 2020
Плошча Перамогі і стэла "Мінск - горад-герой", Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле ў Магілёве, вуліцы Перамогі ў Гомелі і яшчэ тысячы манументаў мужнасці і гераічнасці па ўсёй краіне - агульная гісторыя аб'яднала беларусаў. І няхай сёння не ўсе ў страі, час непадуладны героям - іх подзвіг назаўжды ў сэрцах спадчыннікаў Вялікай Перамогі. 

Гэты подзвіг, за якім мільёны асабістых трагедый і страт самых блізкіх, не сувымерны з цяжкасцямі цяперашніх дзён, падкрэсліць Прэзідэнт. Так, час асаблівы, але здрадзіць традыцыі, з якой вырасла не адно пакаленне беларусаў, краіна не магла. Ваенны  парад у беларускай сталіцы стаў адзіным на кантыненце. Яшчэ і таму ўвага  без перабольшання  ўсяго свету была прыкавана да ўрачыстасцяў у Мінску. А пасля парада залпы ўжо раздаліся ў інтэрнэце - шквал каментарыяў і падзяк з розных краін і на розных рэсурсах. Пра гэта мы яшчэ пагаворым у праграме. 

А пакуль яшчэ раз пакажам герояў 40-х і тых, хто беражліва захоўвае традыцыі пераможцаў. Пераможны рэпартаж Вольгі Анішчанкі. 

Яны кожны год у дзявяты майскі дзень сустракаюцца тут. Ловяць поглядамі знаёмыя твары. У такі момант нібы адчуваеш, як у кагосьці адлегла ад сэрца, калі ў шэрагах зноў тыя, хто не здраджвае традыцыі. Але не ўсім так шанцуе. 

Уладзімір Барадзін, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Вельмі мала засталося сяброў. З воінскай часці (гэта артылерыйская брыгада, у якой я служыў) ужо нікога няма. Не адказвае ніхто. Я шмат пісаў. Час бярэ сваё".

І не паспрачаешся. У  страі ветэранаў сёння няма і 5 тысяч удзельнікаў той вайны. Толькі год мінуў - недалічыліся звыш тысячы герояў. Але тым, хто па-ранейшаму з намі, не ўседзець ля  экрана. Ужо амаль 95, гаворыць Уладзімір Барадзін, але ці быў такі год, калі не ўдавалася на свае вочы  ўбачыць парадныя разлікі? Запэўнівае: ніколі! 

75 мірных гадоў! Нам здаецца, што вечнасць, а ветэраны скажуць: як быццам учора… Роў  самалётаў у небе, артылерыйская кананада, горкія страты аднапалчан і… пераможныя маршы па вуліцах вызваленых гарадоў! 

Слухаем і не стамляемся здзіўляцца, бо столькі гадоў, а колькі дэталяў! Але ўсё да дробязяў іх памяць беражліва захоўвае. 

У шэрагах удзельнікаў урачыстасцяў, відаць, няма такой сям'і, дзе вайна не пакінула шрамаў. Мяняюцца пакаленні. Але і дзецям вайны сёння таксама слёз не стрымаць. 

І колькі іх, такіх дзяцей вайны? Тых, хто ведае аб франтавых буднях па аповедах бацькоў і ваенных архівах. За некалькі дзён да парада мы ў гасцях ва Уладзіміра Вайтовіча. Ён гартае старыя фота, ганарыцца бацькавымі медалямі. Запэўнівае, з намі абавязкова сустрэнецца на парадзе. Мы ведаем: стрымае слова!

Калісьці бацька прыводзіў яго з сабой на першыя парады зусім яшчэ хлапчуком. Успамінае: урачыстасці прымаў маршал на кані. Тады збіраліся на плошчы Леніна. Людзей зусім мала, не да размаху і пышнасці! Ды і Мінск быў увесь у руінах.

Сонца залівае горад і месца ўрачыстасцяў - праспект Пераможцаў. І неба здаецца чыстым як ніколі. Салдаты чаканяць крок, гудзе  ваенная тэхніка. Толькі ў Мінску. Больш нідзе на кантыненце. У гонар усіх савецкіх герояў. 

Дзень славы і гонару, бязмернай падзякі і найвышэйшага шанавання. Галоўнае свята вясны - дзявяты майскі дзень - кожны год нібы напамінак аб тым, што нязгасная памяць пакаленняў. Аб тым, што подзвігі не забытыя. Аб тым, што ўсе мы спадчыннікі вялікага народа-трыумфатара, для якога не было сумненняў, што перамога будзе за намі, а мір варты таго, каб за яго змагацца. І гэтыя пачуцці сёння падзяляюць мільёны. І хіба ў юбілей Перамогі маглі інакш, скажа Прэзідэнт. Не дапускалі нават думкі!

Віктар Хрэнін, Міністр абароны Беларусі: "Галоўнае сёння - не аддаць гэтую перамогу нікому. Не мы прыдумалі план "Ост". Гэта да нас прыходзілі, у нас хацелі 75 працэнтаў насельніцтва знішчыць, гэта ў нашай краіне кожны трэці загінуў, таму нам гэты парад патрэбны  як паветра, як ежа".

І тут у кожнага свая гісторыя. Гэта наогул вельмі асабістае, гавораць удзельнікі. Сярод іх  і тыя, хто перахварэў COVID (таксама свайго роду перамога) і тыя, хто дапамагаў справіцца, - медыкі. Толькі некалькі гадзін адпачынку, а пасля зноў у палаты.

Сярод удзельнікаў мы знайшлі і тых, хто сёння не проста думкамі са сваімі бацькамі і дзядамі, але і піша мемуары. Пасол Славакіі распавядае: бацьку слова даў ніколі не забываць. І як тут не прыйдзеш? Хай і не дома. Але і вайна  таксама не дзяліла. 

Ёзеф Мігаш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі: "Мой бацька быў удзельнікам Славацкага нацыянальнага паўстання. Ён з беларусамі і з украінцамі ўдзельнічаў пры вызваленні тады Чэхаславакіі  ад фашызму. Таму гэта не толькі  стаўленне маё як пасла, але і стаўленне асабістае да бацькі, да памяці. Я яму аднойчы пакляўся, калі ён яшчэ жыў,  што заўсёды і Дзень  Славацкага  нацыянальнага паўстання - вызвалення Чэхаславакіі ад фашызму - буду святкаваць". 

І здаецца, сёння тут няма выпадковых людзей. Нас усіх звязала агульная гісторыя. Гэта той выпадак, калі кожнаму так і хочацца нешта сказаць. Успомніць родных пераможцаў (відэа). 

А пасля музыка, знаёмая кожнаму. Увечары салютуе сталіца! Амаль як тады. Людзі вераць: залпы набліжалі Перамогу. У такія моманты падумаецца: гэта свята, якое нам дасталося вельмі дорага. Чалавечыя страты вялізныя. Але героі не сыходзяць. Яны з намі, пакуль памяць жывая.