Па ўсім Мінску разгарнуўся маштабны вулічны гандаль

28 июня 2019

Павезці часцінку Беларусі з сабою тысячам удзельнікаў і гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў дапамогуць сотні майстроў народных промыслаў. 

Па ўсім Мінску разгарнуўся маштабны вулічны гандаль, дзе самая запатрабаваная і самабытная прадукцыя - тавары з нацыянальнай сімволікай і вядомымі брэндамі краіны. 

Чым здзіўляюць айчынныя рамеснікі замежных турыстаў і ці падрыхтавалі што-небудзь асаблівае для ІІ Еўрапейскіх гульняў, даведвалася Наталля Бардзілоўская.

Не патануць у паняцці "агульнаславянскае", а паказаць менавіта сваю нацыянальную адметнасць і непаўторнасць - вось задача на старце Еўрапейскіх гульняў і для беларускіх рамеснікаў, народных майстроў. Побач з запатрабаванымі ў міжнародных гасцей сувенірамі ў стылі СССР на паліцах сталічных гандлёвых палатак і шатроў - немалы нацыянальны беларускі асартымент. У Мінск на форум звезена самае адметнае з усіх куткоў краіны. Цацкі, посуд, упрыгажэнні, талісманы - у кожнай дробязі наша пазнавальнае: бусел, сімвал сям'і і міру, зубр - знак мудрасці і сілы, наша валошка і непаўторны арнамент. 

Пасля спаборніцтваў Лісяня памяняла спартыўную форму на кашулю з беларускім арнаментам - так уявілі талісман Гульняў айчынныя майстры. Зрэшты, пакінуць памяць пра Беларусь з яе аўтэнтыкай і традыцыйным касцюмам госці могуць і літаральна - яго апрануўшы.

Загарнуцца ў тканую беларускую хустку, накрыць стол валошкавым абрусам ці прымерыць шляхетны слуцкі пояс - на багаты выбар для гасцей працуюць і гэтыя сем дзясяткаў майстрых вядучай у краіне вытворчасці. Кожную рэч тут робяць дакладна паводле старадаўніх лекалаў. За кожным вырабам стаіць навуковая экспедыцыйная праца. Рэканструктары дэманструюць: невялікая Беларусь - скарбніца дзясяткаў рэгіянальных тэхнік і стыляў.

А самая ўражальная вытворчасць тут - на ўчастку ручнога мастацкага ткацтва. Сем кроснаў - гэта рэканструкцыя тых самых, бабульчыных, народных, але ў адрозненні ад хатніх вясковых машын гэтыя максімальна вялікія, метр сорак шырынёй. Тутэйшыя майстрыхі валодаюць усімі вядомымі тэхнікамі традыцыйнага ткацтва.

Па сталічным гандлі ўжо раз'ехаліся такія ж, паўнюткія на этнастыльны тавар куфры. У іх - лён, воўна, шкло, кераміка. На Гульні мастакі прадпрыемства выйшлі з добрым веданнем спажывецкіх густаў: у Кітаі сёння захапляюцца беларускай саломкай, Еўропе цікавы наш тканы арнамент.

Зрэшты, мастакі гэтай вытворчасці - вынаходнікі новай беларускай цацкі. У нас не матрошкі, а "тачонкі" - тутэйшыя майстры прапаноўваюць гасцям драўляныя лялькі выцягнутай, зграбнай формы ў нашых жа нацыянальных строях. І гэтыя сувеніры - толькі кропля ад таго, што могуць тут рабіць.