Першы канал Беларускага радыё i часопіс "Маладосць" запускаюць літаратурны праект-конкурс

4 октября 2018

У любві да малой радзімы на ўсю краіну можа прызнацца кожны! Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з часопісам "Маладосць" запускае літаратурны праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы. Сваю працу - эсэ або ў форме верша - можна дасылаць з пачатку лістапада. Узроставых абмежаванняў няма. У журы - беларускія пісьменнікі, крытыкі, рэдактары літаратурных часопісаў і радыёпраграм.

Галіна Шаблінская, загадчык аддзела Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Тэма гэта для ўсіх нас святая, да яе заўсёды звярталіся і працягваюць звяртацца творчыя людзі. Ёсць цудоўныя ўзоры літаратурнай класікі, прысвечаныя менавіта Бацькаўшчыне, менавіта тым куточкам, адкуль паходзіць чалавек, і таму мы вырашылі што ў гэтым сезоне гэта будзе адна з такіх галоўных ідэй, выбітных ідэй аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё".

Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”: "Галоўнае, чаго мы чакаем ад аўтараў і вершаў, і эсэ, гэта адсутнасць шаблоннасці, адсутнасць паўтораў, не трэба пісаць, арыентуючыся на класікаў, арыентуючыся на тое, што ўжо было, тое, што вучылі ў школе напамяць. Трэба ўкласці сваю душу".

На працягу года самыя лепшыя творы будуць апублікаваныя ў часопісе "Маладосць" і прагучаць у спецыяльных праектах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.