Першы дзень Міжнароднай выставы ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі MILEX

20 мая 2017

У Мінску стартавала 8-я Міжнародная выстава ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі MILEX. Прывітанне яе ўдзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Свае стэнды для наведвальнікаў маштабнага форуму разгарнулі 200 кампаній з 30 краін. Для гэтага спатрэбіліся адразу дзве пляцоўкі. Тут і найноўшыя распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў, магчымасці беларускай абароннай галіны. Уладзімір Каралёў увесь дзень правёў на выставе і ўразіўся дасягненнямі.

200 кампаній з 30 краін свету, тысячы гасцей, дзясяткі відаў узбраення - усё гэта выстава MILEX-2017, адкрыццё якой адбылося сёння ў Мінску на тэрыторыі адразу дзвюх экспазіцый.

Расія і Кітай, Украіна і Польшча, Егіпет і Грэцыя, Іарданія і Саудаўская Аравія, а таксама Індыя, Германія, Францыя, Фінляндыя, Чэхія і шматлікія іншыя. Безумоўна, на выставе чакаецца падпісанне сур'ёзных кантрактаў. Пра гэта гаворыць і маштаб галоўнага ваеннага форуму краіны.

У цэнтры Мінска разгарнулася сапраўдная вайна. На тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 былі чутныя стрэлы, адбыліся паказальныя выступленні спецназа, з неба спускаліся парашутысты, верталёты высаджвалі баявы дэсант.

Апошні раз выстава MILEX праводзілася ў 2014 годзе. Безумоўна, за гэты час беларускаму ваенпраму ёсць што паказаць з навінак і гледачам, і патэнцыяльным заказчыкам. Напярэдадні ў СМІ ўжо гучала лічба 1 мільярд долараў. Сёння яе пацвердзіў старшыня ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "Аб'ём экспарту спецыяльнай прадукцыі, ваеннай прадукцыі і паслуг летась склаў каля 1 мільярда долараў. Цікавасць як ні дзіўна - Расія, асноўны партнёр. Краіны заліва, Кітай вельмі выяўляе цікавасць, прадстаўнікі Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці, Інданезія, Філіпіны. Усё, што заснавана на IT-тэхналогіях, на праграмным забеспячэнні - беспілотная авіяцыя, робаты, - карыстаецца неймаверным попытам. І адначасова ў сувязі з крызісам там, дзе няма дастаткова сродкаў, цалкам гатовыя купляць добрую савецкую прадукцыю".

Узброеныя Сілы Беларусі адказваюць усім патрабаванням па процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам. Пра гэта сёння на адкрыцці выставы заявіў Міністр абароны Андрэй Раўкоў. Кіраўнік ваеннага ведамства таксама адзначыў, што гэты працэс ажыццяўляецца адразу па некалькіх кірунках. Па-першае, закупка новага ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што адказвае сусветным стандартам. А па-другое, распрацоўка і аснашчэнне Узброеных Сіл айчыннымі комплексамі і сістэмамі. А прэм'ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў заявіў, што MILEX спрыяе ўмацаванню міжнароднага аўтарытэту Беларусі. Яркае таму пацвярджэнне - тысячы гасцей форуму, якія прыехалі на выставу.

Сярод найбольш яркіх навінак - браніраваны аўтамабіль "Кайман". Гэта спецыяльная машына для шырокага кола задач, распрацоўка канструктараў 140-га рамонтнага завода ў Барысаве. Аўтамабіль ужо знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі.

Мадэрнізаваны Т-72, пажарны танк, бранявік, здольны абараніць ад хімічнай зброі, Тор-М2 і шмат іншага. На такіх мерапрыемствах, як правіла, і падпісваюць шматмільённыя кантракты. Невыпадкова на выставу MILEX з'ехаліся дэлегацыі з розных краін свету. Але, як паказвае практыка, часта падрабязнасці таго, хто і што будзе купляць, для журналістаў застанецца таямніцай. Бо ваенныя распрацоўкі часта носяць грыф сакрэтнасці.