Першы басейн для сабак з'явіўся ў сталіцы

9 июня 2020
Дог-фрэндлі басейн з'явіўся у сталіцы. Для гаспадароў сабак такі «рэабілітацыйны цэнтр» не ў навіну: практыка распаўсюджана па ўсім свеце і вельмі неабходна для тых чатырохногіх, каму трэба аднавіць апорна-рухальны апарат пасля перанесеных траўмаў або аперацый. Аб заплывах сабак - дзеля умацавання здароўя - раскажа Юлія Карпенка.

Два гады таму сабака Арчы трапіў пад машыну. Дзве сур'ёзныя аперацыі дапамаглі, але на лапы не паставілі: патрабавалася працяглая рэабілітацыя. Ветурач параіў рэгулярнае плаванне. У Мінску басейнаў для сабак не было, таму гаспадар, нядоўга думаючы, вырашыў адкрыць свой уласны - дзеля любімага гадаванца. Месяцы трэніровак дапамаглі Андрэю Хартановічу вярнуць яго вернага сябра да звыклага актыўнага жыцця. А цяпер  ён дапамагае іншым.

Андрэй Хартановіч, уласнік рэабілітацыйнага цэнтра з басейнам для сабак: "Ёсць такса, якая пайшла, была грыжа, рабілі аперацыю, пайшла, усё добра. Французскі бульдог таксама пайшоў з грыжай. Шмат сабак з міжпазваночнай грыжай пасля аперацыі. Вялікія сабакі ідуць з праблемамі суставаў: артрыт, дысплазія, артроз". 

Адзіны ў краіне дог-фрэндлі басейн у дзень прымае 3-4 гадаванцы, у выхадныя - да 10 сабак. Спачатку размінка, пасля - купанне. Вада для заняткаў - ад 22 да 30 градусаў. У басейне стаяць фільтры для ачысткі, а замест хлору выкарыстоўваюць бактэрыцыдныя сродкі. Спецыялісты раяць водныя трэніроўкі мінімум 2 разы на тыдзень і ў комплексе з іншымі рэабілітацыйнымі заняткамі.

Аляксей Кляцко, ветэрынар-артапед, рэабілітолаг: "Басейны наогул патрэбныя для жывёл для таго, каб іх рэабілітаваць пасля перанесеных траўм сур'ёзных, альбо хранічных захворванняў сур'ёзных у выглядзе астэаартрыту, астэапарозу. Гэта ўсё выкарыстоўваецца, каб жывёла хутчэй пайшла на папраўку, лепш аднаўлялася пасля аперацыі". 

Паўтара метра на тры - маленькі басейн на ўскраіне Мінска - і вялікі крок адказнасці насустрач тым, каго мы прыручылі.