Першыя балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў перасеклі беларускую мяжу

10 июня 2019

З гэтага дня (акрамя звычайнага бязвіза, дзякуючы якому іншаземцы могуць месяц гасцяваць у нашай краіне)  зараз дзверы адчыненыя не толькі ў аэрапорце, але і ў наземных пагранпераходах. Праз іх сёння ўжо прайшлі  каля сотні гасцей. Большасць  французы. А тым часам наша здымачная група адправілася сустракаць першых балельшчыкаў у нацыянальны аэрапорт. Сяргей Казловіч  аб асаблівасцях пашпартнага кантролю і першых уражаннях замежных гасцей.

Пагранічны кантроль у мінскім аэрапорце  ўжо разагрэты сезонам водпускаў. Зараз тут гатовыя прымаць і балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў. Першы пасажыр з білетам у яркае лета прыляцеў адразу пасля апоўначы і змог ацаніць беларускую гасціннасць. Дарэчы, прайсці пашпартны кантроль пасажыры з білетамі могуць па-за чаргой у спецыяльных кабінках. Яны адзначаны сімволікай Гульняў.

Кампанію балельшчыкаў з Паўночнай Ірландыі было складана не заўважыць сярод пасажыраў. У кожнага ў адзенні абавязкова ёсць зялёны колер, а ў руках  білеты на II Еўрапейскія гульні. Па шчаслівым выпадку напярэдадні спартыўнай падзеі іх нацыянальная футбольная каманда будзе гуляць з нашай зборнай. Таму прыехалі раней. Затое ўбачаць больш. 

Крыс Адамс, балельшчык (Паўночная Ірландыя, Вялікабрытанія): "Я спадзяюся, што за некалькі дзён, якія я тут прабуду, змагу дастаткова  вывучыць вашу сталіцу. Беларусь далёка ад Паўночнай Ірландыі, і тым цікавей даведацца, чым жыве ваш народ. І абавязкова куплю магніцік, мама вельмі прасіла!".

Бязвізавы рэжым па білетах Гульняў будзе адкрыты цэлы месяц. Праўда, гасцям трэба ўважліва глядзець на дату спартыўнай падзеі, якая пазначана на білеце. Раней - сардэчна запрашаем, пазней - ужо не пусцяць. Пагранічнікі задаволеныя абароненасцю квіткоў. Знайсці парушальніка проста. 

Віктар Ларычаў, начальнік аддзялення спецыяльнай праверкі дакументаў атрада пагранічнага кантролю "Мінск": "Білет дастаткова добра абаронены. У нас стаяць прыборы для праверкі дакументаў, якія дазваляюць вызначыць ультрафіялетавую абарону - сапраўдная яна або не. І асобныя ёсць моманты, на якія мы звяртаем увагу, але гэта ўжо схаваная інфармацыя". 

Пусцяць у спартыўную сталіцу Еўропы і па электронных білетах. Толькі іх абавязкова трэба раздрукаваць. Вядома, пашпарт і медыцынская страхоўка - вось і ўсё, што неабходна прад'явіць кантралёрам. Яны часта могуць здалёк вызначыць балельшчыка ў патоку гасцей. 

Уважлівыя вартавыя меж не толькі на пагранпераходах. Узмоцненая ахова ўсёй астатняй мяжы. Маштабнымі падзеямі могуць скарыстацца нелегальныя мігранты і спрабаваць незаконна перасекчы мяжу. Тым не менш Беларусь чакае сотні тысяч гасцей. І ўжо з першых крокаў гатовая радаваць сваёй гасціннасцю.