Першая ў Мінскай вобласці тата-школа адкрылася ў Барысаве

18 июля 2017

Такі клуб з'явіўся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас заняткаў у класе таты могуць даведацца пра розныя аспекты выхавання дзяцей. Удзельнікі самі задаюць тэмы і актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях. А вядуць карысныя ўрокі эксперты-мадэратары, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку. Дарэчы, мамам на такія заняткі ўваход забаронены. На выключна мужчынскім уроку ўдалося пабываць Аляксандры Кавеліч.

Ігар Абляк імкнецца праводзіць з сямігадовай Ульянай кожную вольную хвіліну. Разам выконваюць спартыўныя трукі, гуляюць і нават гатуюць. Як толькі у Барысаве з'явілася тата-школа, адказны бацька стаў адным з першых вучняў. Ідэяй захапіўся хутка і вырашыў паглыбіць свае веды. Цяпер раз на тыдзень змяняе прафесію інжынера і дзеліцца вопытам з іншымі бацькамі ўжо як мадэратар.

У незвычайным класе мужчыны розных узростаў і прафесій. Аб'ядноўвае іх адно - жаданне быць добрымі бацькамі. Павел Скакун рыхтуецца да новай ролі загадзя - пакуль толькі чакае першынца.

Калі неабходна, мадэратары запрашаюць на ўрокі і вузкіх спецыялістаў, напрыклад, дактароў або псіхолагаў. Дарэчы, атрымаць карысныя веды можна бясплатна.

Заняткі ў гэтай незвычайнай школе ладзяць у фармаце адкрытай гутаркі. Тут няма звыклай вучэбнай праграмы - усе тэмы выбіраюць самі ўдзельнікі. Разам шукаюць адказы на хвалюючыя пытанні і дзеляцца ўласным вопытам.

Геаграфія такіх клубаў пашыраецца. Акрамя сталіцы, Гомеля і Барысава, тата-школы з'явяцца і ў іншых гарадах Мінскай вобласці. У хуткім часе майстэрства выхавання дзяцей пачнуць спасцігаць таты з Маладзечна.